Новы дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў Быхаве

27 января 2015

Сям'і Шушлаковых урачыста ўручылі сімвалічны ключ і шматлікія падарункі - бытавую тэхніку і цацкі. Місію выканалі кіраўнік праўлення аднаго з найбуйнейшых банкаў Беларусі і кіраўніцтва Магілёўскай вобласці. Вольга і Алег Шушлаковы некалькі гадоў туліліся ў трохпакаёвай арандаванай кватэры, выгадавалі шасцярых дзяцей, чацвёра з якіх - прыёмныя. Зараз у двухпавярховым катэджы месца хопіць усім, у тым ліку пецярым новым прыёмным дзецям. Прыемным дапаўненнем да падарункаў стаў і грашовы сертыфікат на 35 мільёнаў рублёў. Мама Вольга зараз плануе набыццё пасудамыечнай машыны.

Сяргей Пісарык, старшыня праўлення ААТ "ААБ "Беларусбанк": "Не павінна быць дзяцей без сямейнага ачага. У нас у праўленні ёсць сацыяльны праект "Бацькоўскі кут". У рамках яго мы адкрылі ў Быхаўскім раёне ўжо 14-ы дом сямейнага тыпу і будзем гэтую праграму планамерна развіваць".

Новы дом сямейнага тыпу стаў 47-м для Магілёўскай вобласці, дзе выхоўваюцца дзеці з прытулкаў. Для Быхаўскага раёна настаў час закрываць апошні, бо такія дамы поўнасцю вырашылі праблему дзіцячага сіроцтва. У інтэрнатах раёна не засталося дзяцей без апекі бацькоў.