Новы арэндны дом для супрацоўнікаў міліцыі

3 марта 2015

У аграгарадку Сеніцы пад Мінскам сёння адкрылі новы дом для супрацоўнікаў міліцыі. Усяго ў дзевяціпавярхоўцы 178 кватэр, большая частка з іх двухпакаёвыя. Большасць навасельцаў ужо мае сем'і, і, паводле іх слоў, зараз для добрага жыцця ёсць усё што трэба. Як камфортныя ўмовы пражывання спрыяюць годнаму нясенню службы?

Высвятляла Карына Пашкова.

З самай раніцы ля новабудоўлі ў аграгарадку Сеніцы сабраліся афіцэры і іх сем’і. Атрымаць ключы ад новай кватэры ім пашчасціла напярэдадні прафесійнага свята. Мара пра сваё жыллё нарэшце стала рэальнасцю.

З умовамі, у якіх будуць жыць супрацоўнікі міліцыі, міністр унутраных спраў пазнаёміўся асабіста. Ігар Шуневіч разам з губернатарам Мінскай вобласці Сямёнам Шапірам агледзеў кватэры.

Для Кацярыны і Дзмітрыя гэтая кватэра сапраўды доўгачаканая. Ажаніліся сем гадоў таму, нарадзілі сына Уладзіслава. Доўгі час вымушаныя былі жыць у інтэрнаце. І вось атрымалі ключы ад кватэры.

Паводле слоў Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, сваё жыллё для супрацоўнікаў міліцыі - неабходнасць. Па-першае, гэта важкая акалічнасць падчас працаўладкавання, па-другое, камфортныя ўмовы пражывання спрыяюць і годнаму нясенню службы.

Арэндны дом у Сеніцы далёка не апошні, які пабудавалі для супрацоўнікаў міліцыі. Зараз узводзіцца яшчэ некалькі. Таму наваселле для многіх таксама не за гарамі.

Напярэдадні свайго прафесійнага свята ключы ад новых кватэр атрымалі сто трыццаць супрацоўнікаў міліцыі. Ужо сёння яны могуць перавезці ў гэты дом свае рэчы і стаць паўнапраўнымі гаспадарамі новых і ўтульных апартаментаў.