Новыя магчымасці ў афтальмалогіі

19 октября 2019
Унікальны аперацыйны блок адкрылі ў 10-й бальніцы Мінска. Там размясцілася 17 залаў для хірургічных умяшанняў. Сучаснае абсталяванне, аналагаў якому няма ў іншых клініках, дапаможа на больш высокім ўзроўні аказваць медыцынскую дапамогу пры складаных паталогіях зроку. Штогод у 10-й мінскай бальніцы праводзяць каля 20 тысяч аперацый,  амаль кожную другую выконваюць менавіта па афтальмалагічным профілі. Пра ноу-хау для пацыентаў з усёй краіны  Аляксандра Кавеліч. 

Ужо звыш 10 гадоў Аміна Хадад дапамагае пацыентам глядзець на свет з высокім распазнаваннем. У 10-ю сталічную клініку звяртаюцца з самымі рознымі захворваннямі вачэй. І штогод такіх візітаў становіцца ўсё больш. Прычынай вялікіх праблем нярэдка становяцца кампактныя гаджэты. 

Як вынік – амаль кожная другая аперацыя ў бальніцы менавіта па афтальмалагічным профілі. Каб добра бачыць маглі пацыенты з самымі рознымі дыягназамі, адкрылі ўнікальны хірургічны блок. У медыцынскіх залах  самыя сучасныя  лазеры. Дзякуючы новым устаноўкам больш дасканалай стане не толькі карэкцыя зроку, але і, напрыклад, лячэнне глаўкомы. 

Тут будуць праводзіць і самыя высокатэхналагічныя ўмяшанні, сярод іх трансплантацыя рагавіцы. Выконваць такія аперацыі з максімальнай дакладнасцю дазволяць сучасныя медыцынскія мікраскопы. 

Каб знізіць рызыку ўскладненняў, у аперацыйных ствараюць   асаблівыя кліматычныя ўмовы. Спецыяльная сістэма ачышчае паветра і забяспечвае ў памяшканні патрэбную вільготнасць. А вось назіраць за ўмяшаннямі змогуць студэнты і ўрачы з розных куткоў краіны  дзякуючы відэатрансляцыі. Камеры схавалі нават у асвятляльным абсталяванні. 

Кожны дзень тут будуць праводзіць некалькі дзясяткаў такіх аперацый. Аб'яднаць усе перадавыя методыкі ў афтальмалогіі плануюць і ў вялікім рэспубліканскім цэнтры, які пабудуюць у сталіцы.