Новае жыллё, абласная школа, падстанцыя хуткай дапамогі, аўтавакзал. Да свайго юбілею Брэст рыхтаваўся некалькі гадоў

8 сентября 2019

За гэтай сур'ёзнай лічбай так шмат... Вядома, гераічная гісторыя. Увасабленне мужнасці і стойкасці  савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне - Брэсцкая крэпасць, дзе бясконцым патокам кладуцца кветкі і людзі становяцца на  калені. У аднаго з найстаражытных гарадоў Беларусі і багаты культурны летапіс: першым Брэст атрымаў Магдэбургскае права, тут пабудавалі першую друкарню і была надрукавана першая Біблія. А яшчэ гэта радзіма знакамітых мастакоў, навукоўцаў, музыкантаў, палітыкаў. 

І зараз сучаснае аблічча горада, які захаваў сваю аўтэнтычнасць, усё гэтак жа нагода  для неймавернага гонару за нашых людзей. Кожны, хто пабываў гэтымі днямі ў горадзе, паспеў адчуць атмасферу неймавернай гасціннасці, утульнасці і захаплення. Бо ўсе гэтыя пераўтварэнні створаны рукамі нашых суайчыннікаў. 

На святкаванне Брэста прыехаў і Кіраўнік дзяржавы. Да свайго юбілею горад рыхтаваўся некалькі гадоў: будавалася новае жыллё, з'явіўся дзіцячы сад, самая вялікая абласная школа, такая неабходная падстанцыя хуткай дапамогі, а яшчэ новы аўтавакзал. Ну а галоўнай будоўляй стала транспартная развязка Заходні абход, якая дапаможа вырашыць праблему затораў у Брэсце.

Зроблена шмат. Ілона Красуцкая пра першую тысячу і планы на пачатак другой.

Першае, на што мы зважаем, трапляючы ў горад на машыне,  якасць дарог. У Брэсце яны самыя новыя ў краіне.  Ды і яшчэ  цягнуць на рэкорд. Заходні абход працягласцю звыш 2,5 кіламетра - самы вялікі пуцеправод у рэспубліцы. Гэтая маштабная будоўля, бадай, стала галоўным падарункам на 1000-годдзе. Здаецца, уздыхнулі ўсе: вадзіцелям не трэба больш стаяць у заторах, а жыхары горада, нарэшце, могуць дыхаць свабодна - не варта лішні раз нагадваць, як загазаванасць уплывала на атмасферу. А калі прыехаць у Брэст на аўтобусе, трапляеш на новы аўтавакзал, разам з чыгуначным зараз цэлы транспартны комплекс. Да міленіуму горад атрымаў больш за два дзясяткі падарункаў. Зрабілі сюрпрыз дзецям - абнавілі тэатр лялек, турыстам - новая гасцініца, у захапленні яны і гараджане ад абноўленага фантана на знакамітай вуліцы Савецкай. Пералічваць можна доўга, а лепш прайсціся па горадзе пешшу і на свае вочы ацаніць усе змяненні.

Атмасфера ветлівасці  і гасціннасці,  і вакол еўрапейскі глянец. А як пашанцавала  з надвор'ем! Гледзячы па баках, асабіста ў мяне вялікі гонар за родную Брэстчыну і, напэўна, кожны, хто праз час вяртаецца на малую радзіму, рады сказаць:  мой горад на вышыні!

Аляксандр Іванавіч паказвае свае новыя ўладанні. Калі пачалося будаўніцвта Заходняга абходу, яго і дамы яшчэ 24 сем'яў трапілі пад знос. Усе атрымалі  новае жыллё. Калі паглядзець – дамы  абсалютна аднолькавыя, не парушаецца архітэктурны ансамбль, ды і няма ніякіх нараканняў, што "ў суседа лепш". А па факце аказалася, што новае жыллё лепшае за папярэдняе: большае па метражы і іншых выгодах. 

На тысячагоддзе Брэста, як і абяцаў раней, прыехаў Кіраўнік дзяржавы. Гэта да таго ж добрая нагода не толькі павіншаваць гараджан, але і ацаніць усе пераўтварэнні. Па сутнасці Прэзідэнт першым адкрыў рух па Заходнім абходзе - такі брэндзіраваны  транспарт зараз упрыгожвае вуліцы горада. Атрымалася ва ўсіх сэнсах ацэнка на вышэйшым узроўні. З развязкі на вышыні 10 метраў добры агляд на наваколлі горада. 

Пабудавалі пуцеправод самі брастаўчане за 2,5 года. Справіліся хутчэй, чым планавалі, ды яшчэ і ўдалося сэканоміць сродкі. Па загарэлых тварах будаўнікоў відаць: лета для іх выдалася ва ўсіх сэнсах гарачае. Вынік увойдзе ў гісторыю краіны. 

Вось ужо трэці дзень як Заходні абход абкатваюць  машыны. Вадзіцелі прывыкаюць да новага руху - тут ён чатырохпалосны, а яшчэ і па вялікім кальцы - 140 метраў дыяметрам. 

Увесь гэты тыдзень горад над Бугам жыве святам і зусім не спіць. Атмасферу ствараюць вулічныя мастакі, артысты, музыканты. Узіраючыся ў твары, адчуваецца расслабленасць. Так, зараз тут усе выгоды, як у сталіцы, і ўсё-такі  няма той самай уласцівай мегаполісу мітусні. Павольна   прагуляцца можна на абноўленай набярэжнай і ў новым парку адпачынку, а  новы навучальны год дзеці пачалі ў новай школе. Здаецца, у горадзе зусім іншае жыццё. 

Зроблена, безумоўна, шмат. Зараз задача не толькі захаваць, але і палепшыць. Унесці свой уклад: элементарна падтрымліваць парадак, дзесьці азеляніць тэрыторыю - у сваім дворыку пасадзіць дрэвы, ды і проста прапанаваць ідэі, як зрабіць горад яшчэ прыгажэйшым  і больш камфортным. 

Любую святочную падзею цяжка ўявіць без падарункаў. Да таго вялікага мноства горад у гонар юбілею атрымаў і экзэмпляр Берасцейскай Бібліі. Тая самая датаваная 1563 годам, была надрукавана тут у першай друкарні на тэрыторыі сучаснай Беларусі. А Прэзідэнту ад гараджан  хрустальная ваза з васількамі - сімвалам роднай зямлі. Усё-такі  з горадам над Бугам звязаны немалы этап біяграфіі беларускага лідара - служба ў Брэсцкім  пагранатрадзе. Стварыў гэтую прыгажосць не толькі майстар, але і ганаровы грамадзянін Брэста. 

Гучны смех і песні  чутныя ў горадзе. Але крыху  далей ад цэнтра, дзе тэрыторыя цытадэлі, толькі званы перарываюць цішыню. Брэсцкая крэпасць - месца ўсеагульнай памяці.  І штораз падчас наведвання Брэста Прэзідэнт таксама абавязкова бывае тут. Візіт ніколі не анансуецца, бо такой падзяцы, якой ніколі не будзе шмат, за мір, за Перамогу, не патрэбная пампезнасць. Гэта месца, дзе дагэтуль мароз па скуры - напамінак мірнаму пакаленню. Тады, 75 гадоў таму, калі б не было  таго ратнага подзвігу, не было б найноўшай гісторыі. Зараз у Брэста за спінай першая тысяча, і пачынаецца другая. І мы хочам, каб яна была яркай і мірнай!