Незвычайны адукацыйны эксперымент у Гомелі

17 октября 2015

Асуджаныя атрымалі магчымасць стаць дыпламаванымі спецыялістамі. Жаночая папраўчая калонія №4 - першая ў нашай краіне, дзе зараз можна дыстанцыйна атрымаць адукацыю. Асуджаныя вучацца па спецыяльнасцях «псіхалогія», «юрыспрудэнцыя» і «менеджмент». Пра перспектывы праекта - рэпартаж Марыны Севяр’янавай.

У асуджаных Гомельскай папраўчай калоніі з’явілася магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэта першы ў Беларусі праект – як вынік сумеснай працы праваахоўнікаў нашай краіны і спецыялістаў з Германіі.

На волю не толькі з чыстым сумленнем, але і з дыпломам аб вышэйшай адукацыі. Прыкладна так можна абазначыць ідэю міжнароднай сацыяльнай праграмы "Адукацыя адчыняе дзверы". У пілотным праекце ўдзельнічаюць 15 жанчын. Навучанне для іх – толькі дыстанцыйнае. Для гэтага абсталявалі невялікі камп'ютарны клас. Выхад у Інтэрнэт абмежаваны і дае магчымасць карыстацца толькі рэсурсамі інстытута – каб атрымаць навучальны матэрыял, прайсці анлайн-тэсты, адправіць кантрольныя заданні.

У аснове праекта – замежны вопыт. Напрыклад, у Германіі у адукацыйных праграмах удзельнічаюць да 75% зняволеных. На добрыя вынікі ад эксперыменту спадзяюцца і беларускія праваахоўнікі. Калі ён будзе паспяховым, дыстанцыйнае навучанне з'явіцца і ў іншых установах такога тыпу.

Уладзіслаў Мандрык, намеснік начальніка дэпартамента Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі:

"Скончыцца праект, і ў 16-м годзе мы ўжо будзем думаць, каб у далейшым унесці нейкія змены ў заканадаўства, калі гэта спатрэбіцца, закласці нейкія нормы фінансавання ў дзяржаўны бюджэт, каб гэта было не за кошт сродкаў праекта, а за кошт стабільнага фінансавання, за кошт бюджэту дзяржавы ва ўсіх установах пенітэцыярнай сістэмы Рэспублікі Беларусь".

Дыплом, прафесія, праца – усё гэта дапаможа вярнуцца да нармальнага жыцця на волі. Дарэчы, прадоўжыць навучанне можна і пасля вызвалення.