Названыя імёны тых, хто будзе прадстаўляць Беларусь на міжнародным чэмпіянаце Worldskills

24 мая 2018

У Мінску назвалі імёны пераможцаў конкурсу Worldskills Беларусь. Гэта маладыя спецыялісты ў 37 прафесіях. За кароткі час ім трэба было пашыць сукенку, адрамантаваць машыну, напісаць сайт і нават сабраць робата. За золата змагаліся больш як 300 чалавек. Пераможцы атрымалі падарункі, а таксама права прадстаўляць нашу краіну на міжнародным чэмпіянаце ў Казані ў 2019 годзе. Туды з'едуцца маладыя спецыялісты з 80 краін. Для некаторых удзельнікаў конкурс стаў пачаткам кар'еры. У чэмпіянату больш як сто партнёраў, а гэта значыць - маладым спецыялістам пашанцуе з кантрактамі.

Валерый Галубоўскі, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі: "Прывабнасць прафесіі залежыць ад прывабнасці працоўных месцаў. І ў гэтай сувязі вельмі важна яшчэ раз падкрэсліць, што сумесна з прадпрыемствамі, пры падтрымцы Мінпрама, Мінадукацыі атрымалася такая платформа для ўзаемадзеяння рэальнага сектара і адукацыі. Што гэта дало? Прадпрыемствы бачаць тэхналогіі, якія ўкараняюць, а маладыя людзі бачаць спецыяльнасці і разумеюць, што прыйдуць на сучаснае працоўнае месца".

Пётр Ануфрыенка, пераможца конкурсу Worldskills Belarus 2018 у намінацыі "Кулінарнае мастацтва": "Вядома, было вельмі складана справіцца і эмацыйна, і фізічна, але была вельмі доўгая падрыхтоўка. І таму я справіўся з задачай. Была пастаўленая мэта выйграць гэты конкурс, заняць першае месца, і гэтая мэта была рэалізаваная".

Дарэчы, сёлета ўпершыню ў конкурсе паўдзельнічалі студэнты з парушэннем слыху. Залатыя медалісты новага руху DIFskill таксама адправяцца на міжнародны чэмпіянат.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя