Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі - 80!

28 июня 2018

Да вялікай даты галоўная ўстанова па назапашванні, захоўванні і выкарыстанні дакументальных сведчанняў старадаўняй гісторыі і культуры нашага народа падрыхтавала навукова-практычную канферэнцыю, выставы, выпускі новавыданняў і экскурсіі. У юбілейны год захавальнік матэрыяльнай гісторыі - архіў - падасць ахвотнікам магчымасць не проста наведаць публічную бібліятэку, але і зазірнуць у поўныя таямніц фонды са старажытнымі пергаментамі і тамамі. Пакуль экскурсійны праект на стадыі падрыхтоўкі, грыф "сакрэтна" быў зняты для нашага карэспандэнта Наталлі Бардзілоўскай.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў падробнікам дакументаў! Па маладосці наш класік зарабляў вырабам фальшывак. Калі ў свой век ён, як і многія выдатныя нашы суайчыннікі, мог нешта ўтаіць, зараз сакрэты раскрывае Нацыянальны гістарычны архіў!

Будынак на Крапоткіна, 55. Шосты паверх. На дзясятках стэлажоў архіва-сховішча – нашы нацыянальныя здабыткі. Адметнасць гістарычнага архіва: ён утрымлівае дакументы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, тамы часоў уладарання на нашых землях Расійскай імперыі. Поўны збор роду Радзівілаў і фонды каралеўскага двара Сабескага, найзнакаміцейшых дынастый Еўропы. Да афіцыйных папер – лісты з інтымнай перапіскай.

Самы старажытны дакумент – прывілей (дазвол на валоданне маёмасцю) падольскага князя Фёдара Карыятавіча. Такіх пергаментаў у сховішчы некалькі. Між сабой яны падобны почыркам, мудрагелістымі малюнкамі на палях і рознага кшталту пячаткамі.

Да сярэдзіны сямнаццатага стагоддзя пазначаць дакументы было прынята не аўтографам, а вось такімі пячаткамі – са шнуркамі і васковымі сургучнымі формамі. Такія пячаткі звалі віслымі ці прывесістымі. Прычына іх выкарыстання – недастатковая агульная пісьменнасць насельніцтва. Нават не кожны сярэдні ці дробны шляхціц мог распісацца, тады ён пярсцёнкам націскаў на аснову, і атрымліваўся знак, прыналежнасць якога зразумела кожнаму.

Тэмпература да 19 цяпла, вільготнасць 50-55 працэнтаў. У гістарычных архіваў сваё надвор'е. Рэліквіі зберагаюць і агульным абяспыльваннем два разы на год. За восемдзесят гадоў існавання тэхналогіі захавання архіваў не змяніліся. Узбагаціўся фонд. Дзейнасць установы забяспечваюць амаль 70 супрацоўнікаў, дваццаць з якіх навукоўцы.