Наталля Качанава: Работа са зваротамі грамадзян - гэта пастаянная работа

17 июня 2019

Паўторныя звароты характарызуюць працу на месцах. Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю "Галоўнаму эфіру" выказала Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. У цэлым Наталля Качанава адзначыла хуткае рэагаванне ў рэгіёнах на звароты, якія паступілі падчас падрыхтовак і правядзення Вялікай размовы. Нагадаем, яна прайшла 1 сакавіка. Тады сваё пытанне Аляксандру Лукашэнку накіравалі дзве з паловай тысячы чалавек. Сёння на кантролі застаюцца толькі 102 звароты. У асноўным яны датычацца змен у заканадаўстве. 

Наталля Качанава, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: 

"Работа са зваротамі грамадзян - гэта пастаянная работа. Выразна ўладкаваная ў нашай краіне, вызначаная заканадаўча. І таму сёння людзі звяртаюцца так, як і раней звярталіся: на прыёмы па асабістых пытаннях, электронныя звароты, прамыя тэлефонныя лініі. Ну, і тыя выязныя прыёмы, якія праводзяць рэспубліканскія органы ўлады. У прыватнасці мы выязджаем. Вось па выніках Вялікай размовы, я магу прывесці лічбы, 32 прыёмы правяла Адміністрацыя Прэзідэнта. На якія прыйшлі каля 600 чалавек".

Акрамя таго, Адміністрацыя Прэзідэнта сёння актыўна супрацоўнічае з Інстытутам стратэгічных даследаванняў і Інстытутам сацдаследаванняў Акадэміі навук. Гэта дазваляе лепш прааналізаваць сітуацыю ў краіне, выявіць найболей актуальныя праблемы для кожнага рэгіёна і азнаёміцца з тымі пытаннямі, якія больш за ўсё хвалююць беларусаў.