Моладзь. Навука. Інавацыі

21 января 2015

Пад такім дэвізам у нашай краіне пройдуць найбліжэйшыя дні. У выхадныя мы адзначым Дзень беларускай навукі. Сёлета інтэлектуальная эліта робіць стаўку перш за ўсё на малады рэзерв. Стабільнае развіццё эканомікі і, як вынік, бяспеку дзяржавы гаратнуюць два фундаментальныя фактары - навука і інавацыі. І ў гэтым важная роля адводзіцца маладым, энергічным і крэатыўным - тым, хто гатовы да адкрыццяў і пастаяннага пошуку новага. Менавіта такіх студэнтаў-даследчыкаў сёння ўзнагародзілі ў Мінску. Акрамя таго, у Беларусі вызначаць і сотню лепшых распрацовак, якія можна не толькі рэалізаваць, але і выгадна прадаць. Пра сённяшні дзень і будучыню маладой навукі рэпартаж Улады Карніцкай.

Усяго адна ўстаноўка, а эканомія толькі з адной дэталі да 100 мільёнаў рублёў. У гэтай лабараторыі спецыялісты не ствараюць, а рэстаўруюць тое, што знасілася ў абсталяванні для вытворчасці кардону. З асноўных плюсаў яшчэ і мабільнасць.

Сёння Ігар Сокараў разам з яшчэ некалькімі дзясяткамі сваіх калег змяніў лабараторны халат на дзелавы касцюм. У тэатры Янкі Купалы таленавітыя студэнты і іх кіраўнікі з усёй краіны. Дыпломы і грашовыя прэміі кожнаму ад Міністэрства адукацыі і прафсаюзаў. Напярэдадні Дня беларускай навукі маладых даследчыкаў заахвочваюць ужо пяты год запар.

А як інакш, бо менавіта на навуку сёння ўскладаюць асаблівыя надзеі ў развіцці эканомікі. І на навуку маладую ў першую чаргу. І зусім невыпадкова менавіта ўклад моладзі ў гэты кірунак стаў адной з галоўных тэм маштабнага форуму, што прымаў напярэдадні Мінск. Звяртаючыся да дэлегатаў і гасцей з'езду, а па сутнасці да ўсёй моладзі краіны, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выразна абазначыў навуковыя прыярытэты.

Ужо сёння на ўрачыстым узнагароджанні ў Мінску прагучала яшчэ адна лічба - толькі маладыя навукоўцы ўніверсітэтаў нашай краіны летась зарабілі амаль 7 мільёнаў долараў. І магчымасць рэалізаваць сёння ў альма-матар свае ідэі сапраўды ёсць (для гэтага працуе больш за 200 даследчых цэнтраў). Пры гэтым зарабіць грошы не толькі для роднай лабараторыі, але і для самога сябе.

Міхаіл Жураўкоў, Міністр адукацыі Беларусі: "Студэнты, пачынаючы ўжо з трэцяга курса, ужо займаюцца сур'ёзнымі даследаваннямі, якія прыносяць ім, акрамя задавальнення, і нейкую матэрыяльную падтрымку. Часта і вельмі істотную, калі яны выконваюць гаспадарчыя дагаворы для прадпрыемстваў не толькі нашай Беларусі, але і Расіі і іншых замежных краін".

Упершыню ў Беларусі створаны і так званы ліфт інавацыйных распрацовак, галоўны рухавік якога, - вядома ж, маладыя таленты. Нацыянальны конкурс Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях зараз збірае ўсіх пераможцаў праектаў з усіх куткоў краіны. І за лепшыя прэміруе грантамі.

Аляксандр Шумілін, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях: "Навука - гэта ператварэнне грошай у веды, а інавацыйны працэс - гэта зваротны працэс ператварэння ведаў у грошы. У нас працягнецца конкурс. Сёлета мы спрабуем прыцягнуць расійскі Інстытут развіцця. Гэта расійская венчурная кампанія. Мы плануем стварыць першы беларуска-расійскі венчурны фонд".

Выгадаваць талент - адна з новых задач для навукі. У гэтым пытанні Акадэмія навук плануе супрацоўнічаць з Міністэрствам адукацыі. І адсочваць поспехі ініцыятыўных маладых людзей яшчэ са школы.

Рэалізаваць сёння свой творчы і навуковы патэнцыял можна не толькі на зямлі, але і ў космасе. У Акадэміі навук ужо пачалі прапрацоўваць новы этап ужо дзеючай вялікай праграмы, дзякуючы якой Беларусь стала касмічнай дзяржавай свету. Наступны крок - новыя спадарожнікі сувязі. Пакуль такая навігацыйная сістэма толькі на паперы, тут гавораць пра найбліжэйшую будучыню.

Спецыяльныя вадкасці для ачысткі крыві, святлодыёдныя выпраменьвальнікі для раслін і нават цэнтр па дакладнай апрацоўцы металаў. Толькі ў Нацыянальнай акадэміі навук сёлета плануецца стварыць каля дзесяці новых вытворчасцяў. І ўжо вядома, што мінімум траціна работнікаў гэтых праектаў будуць менавіта маладыя навукоўцы.