Мінск стаў цэнтрам народных гулянняў

3 июля 2018

Па традыцыі Дзень Незалежнасці становіцца і нагодай для святочнага праменаду. Народныя гулянні разгарнуліся па ўсёй краіне. Найбольш маштабна святкуе Мінск. Як у цэнтры, так і ў спальных раёнах пабудаваны канцэртныя пляцоўкі, арганізаваны забаўныя праграмы.

З сэрца народных гулянняў наш карэспандэнт Ніна Мажэйка. Святочны выхад - гэта абавязковы пункт дзённай або вячэрняй праграмы для тых, хто застаўся ў горадзе, але не ў чатырох сценах. Ды і застацца дома ў такі дзень немагчыма.

Не перашкода нават дождж. Людзі выйшлі на вуліцы з раніцы. Адразу пасля ўрачыстай кульмінацыі - парада. Відавочцы маляўнічага відовішча разбрыліся па лакацыях стратэгічнай магістралі Мінска - праспекта Пераможцаў. Пачалі з парка Перамогі. У дажджавіках і пад парасонамі, затое з добрым настроем. Тон задавалі артысты.

На лужку непадалёку спартыўныя энтузіясты не марнавалі часу. Кідалі дроцікі, забівалі галы. А хтосьці адточваў майстэрства выступленняў на публіцы. Мінская карта забаў прадугледзела любыя запыты. Жадаеш - еш, а жадаеш - спявай, падпявай і прытанцоўвай.

Сярэднявечны карагод ажывіў дажджлівы оўпэн-эйр. У Верхнім горадзе танцавалі пад дуды, жалейкі і гуслі. Забытыя беларускія інструменты, якія здабылі новае жыццё, прагучалі з размахам і падачай на апошні рад. Дарэчы, купал парасона нават паспрыяў збліжэнню ў вулічным партэры. Гледачы сталі бліжэй адзін да аднаго.

Людскія патокі імкнуліся сёння і на новую пешаходку. На перакрыжаванні Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. Брукаваныя гранітныя дарожкі, стылізаваныя ліхтары. Гістарычны цэнтр Мінска атрымаў свой лагічны працяг. З'явіўся і свой Біг-Бэн - старажытны гадзіннік.

Гулянні па ўсёй краіне аб'ядналі тэмай малой радзімы. Таму беларускага, выкананага беларусамі, было шмат. І гэта прамое пападанне. Бо менавіта па каларыт у Мінск прыязджаюць замежнікі.

Самай масавай стала пляцоўка перад Палацам спорту. Больш за 13 тысяч квадратных метраў адвялі пад сталічны гандаль. Той выпадак, калі попыт і прапанова збалансаваныя. Нягледзячы на вялізную колькасць людзей, нязручных чэрг няма. Тоўпяцца толькі перад сцэнай.

Дзень Незалежнасці штогод збірае каля мільёна чалавек на вуліцах горада. Ці мяжа гэтая лічба сёлета, даведаемся заўтра. А святочная праграма на гэтым не заканчваецца. Наперадзе вячэрняя. Канцэрт ля стэлы "Мінск - горад-герой" і салют.