Медыцынскія студэнцкія атрады пачнуць працаваць у клініках і бальніцах Мінска

25 июня 2015

Паніжаная стаўка падаходнага падатку, засяленне ў інтэрнат і нават самавітая зніжка на аплату навучання. Такія бонусы для студэнтаў сталічнай медыцынскай ВНУ прадугледжаныя ў новым праекце БРСМ. Медыцынскія студэнцкія атрады ўжо ў ліпені пачнуць працаваць у клініках і бальніцах Мінска.

Рэпартаж Дзіяны Равяковай.

Уступіць у медыцынскі студатрад вельмі проста: неабходна толькі напісаць заяву і запоўніць спецыяльную анкету. Пра ўсё астатняе для студэнтаў сталічнага медуніверсітэта паклапоціцца Беларускі саюз моладзі.

Юрый Чачукевіч, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта ГА БРСМ: "Бярэм на сябе ўсе пытанні, звязаныя з афармленнем на працу, гэта, у прыватнасці, праходжанне медагляду, для ўдзельнікаў студатрадаў ён бясплатны, гэта і маніторынг аховы працы, гэта маніторынг выплаты заработнай платы, каб яна выплачвалася ў тэрмін і ў тым аб'ёме, у якім было дамоўлена".

Сёлета медыцынскія студатрады будуць працаваць у тэставым рэжыме. Уступіць у іх змогуць толькі студэнты сталічнага медуніверсітэта. Але калі гэты пілотны праект зарэкамендуе сябе, то магчыма, што ўжо наступным летам атрымліваць бонусы ад працы ў студатрадах змогуць таксама студэнты ўсіх беларускіх медыцынскіх ВНУ і каледжаў. А бонусаў арганізатары праекта абяцаюць нямала.

Акрамя таго, для будучых беларускіх дактароў арганізатары падрыхтавалі дзясяткі турыстычных, культурных і спартыўных акцый. Найбліжэйшая з іх - наведванне сталічнага аквапарка.

Студэнты сталічнай ВНУ, якія стануць удзельнікамі новага праекта самага масавага моладзевага аб'яднання краіны, змогуць разлічваць на засяленне ў інтэрнат, тыя ж студэнты, якія атрымліваюць адукацыю на платнай аснове, - нават на зніжку ў аплаце навучання да 60%.

Найболей жа актыўных студэнтаў будзе прэміраваць і сам медыцынскі ўніверсітэт. І ўсё ж галоўнае, што дае ўдзел у медыцынскіх студатрадах, - гэта вопыт, гавораць кіраўнікі вядучых клінік сталіцы.

Але ёсць і тыя, хто гэта ўжо зрабіў. Пяцікурсніца Аліна Яноўская, напрыклад, паспяхова сумяшчае вучобу і дзяжурствы ў мінскай інфекцыйнай бальніцы. Зараз жа, гаворыць яна, і магчымасцяў стане больш, і матывацыя ў плюсе.

Усяго гэтым летам у медыцынскіх студатрадах змогуць працаваць адразу некалькі сотняў студэнтаў. Для тых, хто ўжо паспеў скончыць трэці курс, у сталічных клініках даступныя вакансіі медсясцёр і медбратоў, а для студэнтаў малодшых курсаў - вакансіі медыцынскіх рэгістратараў і санітараў.