Марафон добрых спраў "Нашы дзеці" падхапляюць ва ўсіх рэгіёнах краіны

29 декабря 2016

Сёння ўдзельнікі акцыі "Нашы дзеці" наведалі дом сямейнага тыпу ў аграгарадку Гарадзец Шклоўскага раёна.

Павіншаваць  выхаванцаў з надыходзячым Новым годам прыехаў усёй сям'ёй памочнік Прэзідэнта Беларусі па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка. Госці ўручылі дзецям салодкія падарункі, гульні, канструктары, бытавую тэхніку. Не магло прайсці навагодняе свята і без Дзеда Мароза і вялікага карагода.  У сям'і  Аляксандра і Святланы Канаваленка выхоўваюцца трое сваіх, пяцёра прыёмных дзяцей, яшчэ двое прыязджаюць у госці на выхадныя са Шклоўскага дома-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Не абышлося і без сумеснага  сяброўскага  чаяпіцця.

Віктар Лукашэнка, памочнік Прэзідэнта Беларусі па нацыянальнай бяспецы: "Мы заўсёды з задавальненнем прыязджаем у такія сем'і. Для нашай сям'і гэта ўжо стала добрай такой традыцыяй. Усе нашы дзеткі гэта мерапрыемства любяць. Усе з задавальненнем заўсёды прыязджаюць. Самы маленькі яшчэ трошкі саромеецца, але тым не менш для нашай сям'і гэта вялікая падзея. Вельмі важна, што гэтыя мерапрыемствы праходзяць, вельмі важна нам, дарослым, клапаціцца пра дзяцей. Гэта ж наша  будучыня".

Павіншаваць з надыходзячымі святамі выхаванцаў і педагогаў  ва Улукаўскую дапаможную школу-інтэрнат прыехаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі. Генадзю Давыдзьку паказалі і распавялі, як праходзіць працэс навучання. А кіраўнік галоўнага медыяхолдынга  перадаў школе падарункі - новыя камп'ютары і іншую аргтэхніку. Летась ад Белтэлерадыёкампаніі тут атрымалі ў падарунак інтэрактыўную дошку. Свой сюрпрыз падрыхтавалі і навучэнцы - разам з выхавальнікамі і педагогамі яны арганізавалі навагодні паказ. Жар-птушка, Царэўна-Несмяяна, ёлка, якая размаўляе, і карагоды. Асаблівасцю ўлукаўскіх свят з'яўляецца тое, што ў іх прымаюць удзел усе, нават самыя маленькія выхаванцы.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Гэтыя дзеткі сапраўды шчаслівыя простай увазе, яны ўпэўненыя ў тым, што іх не кінуць, што яны патрэбныя, што іх любяць. І гэта самае галоўнае. Гэта вялікае шчасце. І, вядома, той педкалектыў, які тут працуе, - гэта людзі, якім трэба нізка пакланіцца. А напярэдадні свята вельмі хочацца, каб усе мары гэтых дзетак спраўджваліся. І педагогаў таксама, таму што гэтыя людзі служаць вялікай справе".

Галоўны навагодні ранішнік Брэсцкай вобласці сёння сабраў больш за 450 дзяцей. Пуцёўку на губернатарскую ёлку большасць запрошаных заслужыла сваёй працавітасцю і талентамі. Гэта хлопчыкі і дзяўчынкі, якія паказалі вынікі ў алімпіядах, у спорце, удзельнічалі ў міжнародных конкурсах. Таксама запрошаны на свята дзеці са шматдзетных, прыёмных і апякунскіх сем'яў. Для іх падрыхтавалі салодкія падарункі, яркі музычны спектакль "Спадарыня Завіруха". А таксама дзеці паўдзельнічалі ў квест-гульні.