Крык аб дапамозе: коні - чэмпіёны і прызёры розных спаборніцтваў рызыкуюць апынуцца на мясакамбінаце

17 ноября 2015

А зараз пра адданасць, якая вымяраецца зусім не колькасцю конскіх сіл пад капотам, але крыкам аб дапамозе - выратаваць любімых гадаванцаў. Да нас звярнуліся жыхары Рэчыцы. Коннаспартыўны комплекс у раёне скарачае пагалоўе канёў. І многія з жывёлін, сярод якіх чэмпіёны і прызёры розных спаборніцтваў, рызыкуюць апынуцца на мясакамбінаце. Бацькі дзяцей, якія займаюцца ў спартыўнай школе, занепакоеныя лёсам канёў. І прапаноўваюць варыянты рашэння праблемы. У няпростай сітуацыі разбіралася Вольга Халадовіч.

Дзеці прыходзяць сюды ў любы вольны час. Наведаць і пакарміць канёў, якія ўжо даўно для іх сталі сябрамі. Прыходзяць разам з бацькамі. Лёс гнядых хвалюе ўсіх. Касандра, конь венгерскай пароды, - старажыл спартыўнага клуба. Ёй ужо 24 гады, не раз станавілася чэмпіёнам. Зараз і яе лёс вырашае выпадак.

Таццяна Навуменка: "Вельмі востра стала пытанне, што канёў скарачаюць пагалоўе, і тое, што ёсць усе шанцы ў канёў пайсці на мясакамбінат. Гэта мы вельмі востра перажываем. Гэта хвалююцца нашы дзеці, хвалюецца кіраўніцтва за гэта, шукаем шляхі рашэння, каб захаваць жыцці".

Працаўнікі спарткомплекса гавораць, што старажылы коннага спорту маюць права на жыццё. Тым больш што сярод іх і прызёры спаборніцтваў. Бацькі прапаноўваюць свой варыянт - выставіць канёў на продаж. Нават знайшлі тых, хто гатовы стаць для жывёлін новымі гаспадарамі. Паводле слоў мясцовых спецыялістаў, добры конь можа каштаваць ад 10 да 15 мільёнаў рублёў.

Амаль на ўсіх канёў ужо ёсць пакупнікі. Двух нават гатовыя забраць у Санкт-Пецярбург. Пытанне толькі ў афармленні дакументаў. Бо паводле статута гэтага комплексу тут нельга займацца продажам сваіх гадаванцаў.

Сёння ў спарткомплексе - 33 кані. У пракаце і на трэніроўках па стане здароўя задзейнічаныя менш за палову. Але карміць і даглядаць трэба ўсё пагалоўе. Толькі сродкаў не хапае.

Віктар Борсук, дырэктар КСК "Азёршчына": "Я адзінае бачу - гэта змяніць статут, каб мы маглі іх прадаваць, і гэтыя грошы ішлі непасрэдна на развіццё комплексу і на забеспячэнне кармамі нас, каб гэтыя грошы ішлі сюды, каб мы маглі імі распараджацца неяк".

У Рэчыцкім райвыканкаме пра сітуацыю ведаюць. І тлумачаць, што эмоцыі - гэта адно. А эканамічны эфект - зусім іншае. Арганізацыя церпіць страту. За год спартыўны комплекс зарабляе 60 мільёнаў рублёў. А толькі на корм для канёў з бюджэту трэба вылучаць у два з паловай разы больш.

Даніл Далікуля, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2 аддзела адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама: "Я як бацька, як дзядуля магу іх зразумець, але яны павінны зразумець тое ж самае. Пытанне аб продажы або аб здачы на мяса не стаіць. У прынцыпе, калі пытанне аб продажы на законнай падставе, будзем разглядаць гэтае пытанне. Так што мы пакуль, парушаючы якія-небудзь законы, мы не збіраемся прадаваць гэтых канёў".

Зараз пытанне продажу канёў прапрацоўваюць юрысты. А неабыякавыя людзі гавораць: у коннаспартыўнага комплексу ёсць усё, каб развівацца: сад, поле, добрыя стайні. Але няма, судзячы па ўсім, жадання.