Конкурс Воін Садружнасці ў Мар'інай Горцы

11 августа 2014

Лепшы салдат СНД… Якім ён павінен быць. Адказ на гэта пытанне мы даведаемся ўжо ў канцы тыдня, калі пройдуць спаборніцтвы сярод вайскоўцаў Беларусі, Расіі, Казахстана і Арменіі. Сёлета конкурс Воін Садружнасці атрымаў беларускую прапіску. Актыўная фаза першынства праходзіць у знакамітай 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы. Ужо прайшлі два дні спаборніцтваў, на дадзены момант беларускія байцы ўзначальваюць турнірную табліцу.



Юрый Шаўчук ацаніў шанцы на перамогу нашай зборнай.


Гэты старт даў адлік другому дню спаборніцтваў Воін Садружнасці. Каб вызначыць лепшых, у Мар'іну Горку з'ехаліся вайскоўцы-кантрактнікі з Беларусі, Расіі, Арменіі і Казахстана. Напярэдадні адбылося афіцыйнае адкрыццё першынства і першы дзень спаборніцтваў. Затым вайскоўцы пазмагаліся ў інтэлектуальным паядынку.


Яўген Гаўронік, намеснік старшыні спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Беларусі, галоўны суддзя спаборніцтваў Воін Садружнасці: Прайшлі ўжо два спаборніцтвы, у нас па выніку 5 спаборніцтваў будзе праводзіцца агульны вынік. Наш сяржант Стрыганкоў быў 4-ы ў эрудыце, зараз першы, ён зараз займае прамежкавае першае месца.



У спаборніцтвах сярод прадстаўніц прыгожага полу таксама турнірную табліцу ўзначальвае баец сіл спецыяльных аперацый Беларусі. Сёння на паласе перашкод Ганна Кавалеўская паказала 3-і вынік, пасля чаго толькі замацавала сваю лідарскую пазіцыю. Прычым усю дыстанцыю дзяўчаты праходзяць плячо ў плячо з хлопцамі. Скідку тут ніхто не робіць.



Паскардзіцца ёсць на што не толькі дзяўчатам, але і хлопцам. Конкурс Атлет, які праходзіў сёння на тэрыторыі знакамітай пяцёркі, апроч 3-кіламетровага кросу ўключаў некалькі этапаў: стральба з аўтамата, кіданне халоднай зброі і кідок гранаты. За кожны промах - штрафны круг.



Але гэтыя цяжкасці не перашкодзілі Юрыю Стрыганкову стаць лепшым сярод воінаў Садружнасці па выніках двух дзён спаборніцтваў. Добрыя вынікі па традыцыі паказваюць вайскоўцы з Расіі. Дарэчы, сёлета фінал конкурсу ўпершыню праходзіць у Беларусі. Раней гэтага гонару ўдастойваліся толькі нашы ўсходнія суседзі.



Лепшы воін Садружнасці будзе вызначаны 14 жніўня. У гэты дзень пройдзе афіцыйнае закрыццё першынства і ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў.



Спаборніцтвы Воін Садружнасці прадоўжацца ўжо заўтра. Удзельнікаў чакаюць такія конкурсы як Прафесіянал і Снайпер. Акрамя праверкі на трапнасць вайскоўцы вызначаць лепшых на спецыяльнай паласе перашкод.