Каледж лёгкай прамысловасці - на міжнародных фестывалях цырульніцкага майстэрства

10 декабря 2019
Міжнародныя фестывалі прыгажосці пакараюць навучэнцы і майстры Мінскага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва. "Гран-пры", тытулы чэмпіёнаў па цырульніцкім майстэрстве, золата і серабро ў камандным заліку - высокімі ўзнагародамі міжнароднае журы штогод адзначае прафесіяналізм у стварэнні прычосак любой складанасці і модных вобразаў.  

Святлана Чарнова ацаніла крэатыў юных цырульнікаў. Карпатліва, з увагай да кожнага завітка,  Марыя Абражэвіч збірае вячэрнюю прычоску. Гэты шэдэўр майстар сталічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва прадстаўляла на фестывалі прыгажосці і заваявала тытул "Чэмпіёнкі Беларусі па жаночых відах работ".

За тытулы ў конкурсе цырульніцкага майстэрства  змагаліся больш за 50 удзельнікаў з розных краін. У тым ліку з Расіі, Польшчы, Балгарыі, Казахстана. Акрамя індывідуальных узнагарод - і каманднае золата. Сваё майстэрства прафесіяналы гэтай навучальнай установы дэманстравалі і у Санкт-Пецярбургу. У Расіі навучэнка каледжа Ганна Арлоўская стала першай, абышла больш за сотню ўдзельнікаў з розных краін. Прадстаўляла вясельную прычоску.

Больш за 30 навучэнцаў каледжа сёлета прадстаўлялі сваю навучальную ўстанову на міжнароднай арэне. І кожны з іх штодзень працаваў над прычоскай па 6 гадзін. Перад конкурсам удзельнікі адточваюць майстэрства вось на такіх манекенах. Трэніроўка доўжыцца 120 гадзін, і цырульніку патрабуецца да 15-ці флаконаў лаку. І не толькі прычоскі адзначаны ўзнагародамі высокага ўзроўню. Штогадовы конкурс у Санкт-Пецярбургу адкрыў дарогу да перамогі і мадэльерам. Наталля Шабуневіч прывезла адразу дзве ўзнагароды - золата і серабро ў намінацыях поўны жаночы і поўны мужчынскі вобразы высокай моды.

Толькі за гэты год калекцыя ўзнагарод сталічнага каледжа лёгкай прамысловасці папоўнілася больш чым на сотню. Не выключана, што ўсе пераможцы ў складзе маладзёжнай зборнай краіны змогуць заваяваць чарговую перамогу і ў наступным годзе ў Парыжы на міжнародным конкурсе цырульніцкага майстэрства.