Якія сацыяльна значныя аб'екты адкрыюць у 2024 годзе ў Мінскай вобласці

19 февраля 2024

Узвядзенне новых аб'ектаў, капітальны рамонт устаноў і мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы. У Мінскай вобласці сёлета павялічылі фінансаванне сфер адукацыі, культуры і аховы здароўя. Толькі на будаўніцтва накіруюць звыш 130 млн рублёў. А гэта новыя паліклінікі ў Смалявічах і Фаніпалі, бальніца ў Заслаўі і лячэбны корпус у пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна. Сярод важных адкрыццяў таксама пажарнае дэпо ў Любані, будынак басейна ў Мядзелі і адразу тры школы. Гэта новабудоўлі ў Мінскім раёне, у Фаніпалі і Салігорску.

Спачатку стварэнне новых вытворчасцей і эфектыўных працоўных месцаў, а ў выніку сацыяльна-эканамічнае развіццё канкрэтнага рэгіёна. Толькі сёлета ў Мінскай вобласці плануюць рэалізаваць 47 інвестыцыйных праектаў.