Кафедра спартыўнай інжынерыі БНТУ рыхтуе унiкальных спецыялістаў

22 декабря 2016

Сталічныя студэнты стварылі першы беларускі прыбор для ацэнкі якасці лёду і прыдумалі тэхналогію маніторынгу фізічнай падрыхтоўкі спартсмена.  Навучанне абсалютна новых для Беларусі спецыялістаў вядзецца ў БНТУ на кафедры спартыўнай інжынерыі.  Першы выпуск адбудзецца вясной.
Па дыплом спартыўнага інжынера прыязджаюць і  студэнты з іншых краін. Як прымяняюць смарт-тэхналогіі у спорце - рэпартаж  Надзеі Сербіненкі.
Міхаіл Кузьмянкоў другі год вучыцца на спартыўна-тэхнічным факультэце БНТУ. Яго спецыяльнасць адна з найноўшых у краіне - эксплуатацыя спартыўных аб'ектаў. Студэнт ужо дасканала вывучыў  «Мінск-Арэну», «Раўбічы», стадыён у Барысаве  знутры. 
Кафедра спартыўнай інжынерыі – адна з самых маладых у БНТУ. На трох спецыяльнасцях зараз навучаецца 250 чалавек –  будучыя канструктары спартыўнай тэхнікі, інжынеры буйных стадыёнаў і лядовых арэн. Апошняе навуковае дасягненне студэнтаў - першы беларускі прыбор для ацэнкі якасці лёду. Падрыхтоўка такіх спецыялістаў ва ўсім СНД зараз вядзецца толькі ў Беларусі.
Валерый Васюк, загадчык кафедры спартыўнай інжынерыі БНТУ:
"У галіне спартыўнай  інжынерыі ў спартыўна развітых краінах рыхтуюць спецыялістаў у 6 універсітэтах свету і Еўропы, у Паўночнай Амерыцы, Аўстраліі,  а мы першыя на постсавецкай прасторы, якія адкрылі гэты кірунак. У адзіным нашым універсітэце рыхтуюцца такога роду спецыялісты для галіны спорту. У нас вучацца студэнты з рэгіёнаў Расіі". 
 Арганізацыя прафесійных спартыўных спаборніцтваў – адна з дысцыплін кафедры. Практычныя заняткі па водных відах спорту  праходзяць у басейне ўніверсітэта.    
Гэта сістэма электроннага хронаметражу  Omega. Спецыяльныя датчыкі па перыметры басейна дазваляюць зафіксаваць вынік  плыўца да сотай секунды. Такая ж сістэма выкарыстоўваецца падчас правядзення Алімпійскіх гульняў і сусветных першынстваў.
Магістранты кафедры зараз працуюць над унікальным навуковым праектам  у галіне біямеханікі. Сэнсарныя датчыкі на целе спартсмена ствараюць яго 3Д-копію. Камп'ютарны аналіз дазваляе ацаніць фізічную падрыхтоўку чалавека, эфектыўнасць яго работы. У эксперыментах прымаюць удзел і прадстаўнікі зборных Беларусі  па веславанні, цяжкай атлетыцы і стральбе з лука.
Сёння спартыўная інжынерыя  развіваецца як навуковая дысцыпліна. На наступны год запланавана абарона першых магістарскіх прац, а праз пяць гадоў і кандыдацкіх дысертацый.