Выпрабаванні айчыннай зенітнай кіраванай ракеты прайшлі паспяхова

28 февраля 2020
Першыя лётныя выпрабаванні айчыннай зенітнай кіраванай ракеты  паспяхова прайшлі ў Беларусі. Усе задачы, якія ставіліся распрацоўшчыкамі,  выкананыя. Баявы снарад прызначаны для айчыннай ЗРК "Бук". Гэта легендарны зенітна-ракетны комплекс яшчэ з пор СССР. Але ў беларускім выкананні  ад савецкага  ў ім  хіба толькі назва, вядомы брэнд. Усё астатняе - нашы тэхналагічныя ноу-хау. Устаноўку прэзентавалі яшчэ летась, але  стрымліваючым  фактарам у стварэнні нацыянальнай незалежнай зенітна-ракетнай сістэмы  была адсутнасць, уласна, сваёй ракеты. Гэта ўсё роўна, што валодаць аўтаматам,  але не мець да яго патронаў. Сёння,  можна сказаць, што Беларусі засталося зрабіць усяго адзін крок да ўступлення ў клуб дзяржаў, якія выпускаюць уласныя ракеты для ЗРК.  Поўная лакалізацыя вытворчасці  будзе азначаць, што нашы вайскоўцы змогуць вырашаць практычна ўвесь спектр задач  па абароне паветранай прасторы краіны  і не залежаць ад замежных пастаўшчыкоў такога ўзбраення. Яўген Горын назіраў выпрабаванні навінкі на палігоне ў Брэсцкай вобласці.

Меры бяспекі для лётных выпрабаванняў зенітнай кіраванай ракеты самыя сур'ёзныя. Як кажуць,  і на зямлі, і ў паветры. Старонніх людзей няма і быць не можа. Участак ачэплены. Неба на час пуску закрыта для палётаў авіяцыі.  Аднак выпрабаванні на палігоне ў выпадку поспеху як раз адкрыюць новыя гарызонты. Сваіх ракет у Беларусі раней не рабілі.

Беспілотнік "Беркут-ВМ" узнімаецца ў неба і да фінальнага адліку застаюцца хвіліны. Лятальны апарат аранжавага колеру імітуе мішэнь. Яго відаць добра. Зрэшты, навінка ваенпрама разглядзіць нават самалёт-нябачнік "Стэлс". А вось каб паспець якасна зафіксаваць старт ракеты, камеры здымаюць 100 кадраў за секунду. Бо ляціць яна на хуткасці хутчэй за кулю.

У дэталях на гэтае пытанне трэба адказаць спецыялістам, але ўжо ясна, Беларусь за вельмі кароткі тэрмін прайшла шлях, на які некаторыя краіны марнавалі дзесяцігоддзі, сотні пускаў і вялізныя бюджэты. Нядзіўна, што ўсяго адна такая ракета каштуе ад паўтара мільёнаў долараў. І гэта калі вам захочуць яе прадаць.

Стварыць ракету для нацыянальнага  ЗРК - даручэнне Прэзідэнта

Беларускія збройнікі стварылі цэлую зенітна-ракетную сістэму. На нядаўняй выставе ўзбраення Milex новы ЗРК пад шыфрам "Цытадэль" стаў сапраўдным гваздом экспазіцыі. Ён інтэгруецца ў любую сістэму СПА. А сваёй якасцю супаставімы з такімі сістэмамі супрацьпаветранай абароны як расійскі зенітна-ракетны комплекс С-300 і амерыканскі "Пэтрыёт". Ракета была адзіным элементам, які адсутнічае. Тады яна існавала ў якасці макета.

Раман Галоўчанка, старшыня Дзяржкамваенпрама Беларусі: "Для развіцця беларускага ракетабудавання гэта вельмі сур'ёзны этап, вельмі сур'ёзны крок. Фактычна гэта другая важная падзея пасля ўсім вядомага РСЗА "Паланэз". Але тут ракета на парадак складаней, і сама яе распрацоўка значна складаней і ступень лакалізацыі значна глыбей тут".

Беларусь не толькі займела новы від зброі, але і ўмацавала такія фактары як абароназдольнасць, незалежнасць. У тым ліку ў тэхналогіях. Так званы ваенны хай-тэк - сур'ёзны паказчык развіцця краіны. І, дарэчы, гэта вельмі высокапрыбытковы артыкул экспарту. Ужо сёння валютная выручка  айчыннага ВПК супастаўная з нашай IT-сферай. У экспертных колах  беларускую ракету для ЗРК "Бук" называюць рэвалюцыйнай. Хоць распрацоўшчыкі  не спяшаюцца раскрываць усе яе характарыстыкі, ужо зразумела, што яна ўдвая пераўзыходзіць аналагі.

Баявыя пускі беларускай ракеты пройдуць у канцы 2020 года.

Калі пасля нараджэння дзіцяці яго трэба навучыць хадзіць, то калі створана ракета, яе трэба навучыць лётаць. Гэта было зроблена. Выпрабаванні прайшлі паспяхова. Зараз ёсць усё неабходнае для выхаду на наступны этап - баявую стральбу. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў канцы года.