Генерал-маёр Віктар Лісоўскі ўдастоены ўзнагароды ад Кіраўніка дзяржавы

8 октября 2015

Многія з тых, хто сёння атрымаў дзяржаўныя ўзнагароды, адразу з Палаца Незалежнасці адправіліся на свае месцы працы і службы. 

На прамой сувязі са студыяй наш карэспандэнт Аляксей Адашкін, які зараз знаходзіцца ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. Начальніку навучальнай установы - генерал-маёру Віктару Лісоўскаму - Прэзідэнт сёння ўручыў ордэн "За службу Радзіме" 3-й ступені (прамое ўключэнне).

Камандзіра сувораўцы сустракалі пры поўным парадзе. Гэты дзень для выхаванцаў стаў па-сапраўднаму святочным. Генерал-маёр Віктар Лісоўскі кіруе гэтай навучальнай установай ужо пяць гадоў. Усё ж сімвалічна, што начальніку вучылішча Прэзідэнт уручыў менавіта ордэн "За службу Радзіме". Бо галоўны кадэцкі прынцып, якому тут вучаць і па якім жывуць: "жыццё - Радзіме, гонар - нікому".

Ордэн "За службу Радзіме" - адзін з самых ганаровых у нашай краіне. Ім узнагароджваюць за ўзорнае выкананне воінскага доўгу, за дасягненне высокай баявой вывучкі воінскіх фарміраванняў рэспублікі. Гэта дзяржаўная ўзнагарода ўяўляе сабою выпуклую сярэбраную васьміканечную зорку. 

Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча адлік сваёй гісторыі вядзе з 1953 года. Конкурс на паступленне сюды традыцыйна высокі - як у лепшыя ВНУ, па 5-7 чалавек на месца. Адбор таму строгі. За ўвесь час вучылішча скончылі больш за 13 тысяч выхаванцаў. Некаторыя даслужыліся да генералаў, а таксама ўзначалілі сілавыя структуры, прычым не толькі ў Беларусі. Віктар Лісоўскі - дзявяты начальнік гэтай прэстыжнай навучальнай установы. Дарэчы, генерал-маёр на наступным тыдні адзначыць свой юбілей - 50-годдзе.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя