Фактаў выяўлення атрутных рэчываў у Раціцкай школе не знойдзена

2 марта 2016

Супрацоўнікі ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі па Гродзенскай вобласці сёння агучылі папярэднія вынікі па факце атручвання дзяцей у сярэдняй школе ў аграгарадку Рацічы. Нагадаем, 11 лютага 42 вучні былі дастаўлены ў Гродзенскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу з дыягназам "атручванне невядомым рэчывам". Дзеці адчулі сябе дрэнна падчас лінейкі. На гэты момант у следчых ёсць дзве рабочыя версіі. Паводле першай, вучням стала дрэнна з-за таго, што ў памяшканні старога корпуса школы было душна і занадта мала кіслароду. Тэмпература на момант лабараторных замераў была плюс 26 градусаў. Згодна з другой версіяй, спецыялісты разглядаюць магчымы негатыўны ўплыў кацельні, якая знаходзіцца побач.

Іосіф Лявонка, начальнік упраўлення Следчага камітэта Беларусі па Гродзенскай вобласці:

"У старой частцы школы адсутнічае прытокава-выцяжная вентыляцыя. Таму класы павінны праветравацца падчас навучальнага працэсу. Якая была тэмпература паветра падчас правядзення заняткаў, можна толькі меркаваць, але відавочна значна вышэй чым 26 градусаў. У выніку ў дзяцей магло здарыцца кіслароднае галаданне. Акрамя таго, з падваконнікаў узяты ўзоры рэчыва, падобнага на сажу. Яна магла з'яўляцца прадуктам гарэння кацельні, якая працуе побач. У дзень здарэння вецер дуў у бок школы. Акрамя таго, быў туман і мокры снег. Угарны газ мог трапіць у школу".

Эксперты мяркуюць, што гэтыя прычыны неабходна разглядаць у комплексе. Як адзначылі ва ўпраўленні Следчага камітэта рэгіёна, праца па гэтых фактах працягваецца. Эксперты плануюць больш прадметна абследаваць кацельню ля школы. Вынікі будуць вядомыя ў сярэдзіне сакавіка. Між тым, школа ў Рацічах па-ранейшаму зачыненая. Для вучняў і выкладчыкаў арганізаваны дадатковы маршрут у суседні аграгарадок за некалькі кіламетраў ад дому.