Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат адкрылася ў Мінску

16 апреля 2015

Права на правядзенне гэтага міжнароднага спаборніцтва наша краіна атрымала два гады таму, калі на алімпіядзе ў Люксембургу беларускія дзяўчаты занялі 1-е месца. Падрабязней - Дзіяна Равякова.

Разнаколерныя флагі, вялізныя капелюшы, размаляваныя твары. І гэта зусім не чэмпіянат свету па футболе, а 4-я Еўрапейская алімпіяда па матэматыцы для дзяўчат.

Еўрапейская алімпіяда па матэматыцы для дзяўчат праходзіць у нашай краіне невыпадкова. Два гады таму на міжнародным спаборніцтве ў Люксембургу беларускія дзяўчаты занялі першае месца. Такім чынам Мінск атрымаў права стаць арганізатарам цяперашняй алімпіяды.

У двухдзённай матэматычнай сутычцы ўдзельнічаюць дзяўчаты з амаль трыццаці краін. І нягледзячы на тое што алімпіяда еўрапейская, яе ўдзельніцамі сталі і знатакі матэматыкі з такіх далёкіх краін, як Японія, Мексіка, Індыя, ЗША, Туніс і Саудаўская Аравія.

Нара Альнасер, удзельніца 4-й Еўрапейскай алімпіяды па матэматыцы для дзяўчат (Саудаўская Аравія): "Для нас удзел у алімпіядзе вельмі важны, таму што мы не толькі атрымліваем нейкія новыя веды і паказваем свае, але таксама атрымліваем выдатную магчымасць пазнаёміцца з дзяўчатамі з іншых дзяржаў".

І гэта сапраўды магчыма. Арганізатары алімпіяды для ўдзельніц спаборніцтва падрыхтавалі экскурсію па беларускай сталіцы і паездку ў Мірскі замак, натуральна, гэтыя бонусы ўсе дзяўчаты атрымаюць незалежна ад таго, якое месца зоймуць у конкурсе.

Што ж датычыцца нашых удзельніц, у выпадку перамогі на алімпіядзе дзяўчаты аўтаматычна становяцца студэнткамі беларускіх ВНУ.

Міхаіл Жураўкоў, Міністр адукацыі Беларусі: "Пераможніцы гэтай алімпіяды без уступных выпрабаванняў могуць далей навучацца ва ўніверсітэтах нашай краіны".

А каб перамагчы, трэба набраць сярод каманд найбольшую колькасць балаў, вырашыўшы за два дні ўсяго шэсць задач.

Імёны пераможцаў 4-й Еўрапейскай алімпіяды па матэматыцы для дзяўчат стануць вядомыя ўжо ў гэтую суботу, а значыць, стане вядомая і краіна, у якой ужо ў наступным годзе збяруцца, мабыць, самыя разумныя дзяўчаты планеты.