Радыёспектакль па рамане Кузьмы Чорнага Млечны шлях выйдзе ў эфір у Дзень Перамогі

6 мая 2014

Культурны марафон, прысвечаны важным гістарычным падзеям, закрануў і радыёстанцыі. Раман Кузьмы Чорнага Млечны шлях у радыёспектаклі выйдзе ў эфір у Дзень Перамогі. Прэм'ера прагучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.


Пра акцёрскае майстэрства ў радыёфармаце рэпартаж нашага культурнага аглядальніка Ларысы Гулякевіч.


У студыі Першага канала Беларускага радыё галасы тых жа любімых артыстаў, якіх ведаюць і па тэатры, і па радыёспектаклях. Гэты жанр з поспехам вяртаецца з савецкіх часоў, аднаўляецца і набывае новую папулярнасць.


Свой апошні філасофскі раман пра вайну Млечны шлях Кузьма Чорны не дапісаў. У творы няма ніякіх ваенных дзеянняў - характары беларусаў раскрываюцца сярод еўрапейскіх суседзяў падчас жорсткіх акалічнасцяў Вялікай Айчыннай.


Магічная лічба 44 прысутнічае ва ўсім, што звязанае з творам Млечны шлях. Гэта год вызвалення Беларусі. У 1944-м Кузьме Чорнаму было 44 гады, калі ён напісаў гэты раман і калі яго не стала.


У радыёпастаноўцы задзейнічаны любімыя беларускія артысты: народныя Генадзь Аўсяннікаў, Віктар Манаеў, Марыя Захарэвіч, заслужаныя Андрэй Душачкін, Уладзімір Мішчанчук і шмат іншых тэатральных зорак. Шумавыя эфекты робяцца не на камп'ютары, а ў радыёстудыі гуказапісу.


Спецыяльна для гэтай пастаноўкі кампазітар Уладзімір Саўчанка напісаў цэлую сімфонію з аднайменнай назвай Млечны шлях. Радыёпрэм'ра адбудзецца ў тэатры Беларускага радыё на Дзень Перамогі 9-га і 10-га мая.