Яшчэ адзін бонус для самых таленавітых маладых беларусаў

8 июня 2015

Зараз пераможцаў нацыянальных і міжнародных алімпіяд - а гэта лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта нашай краіны па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі, - акрамя дзяржавы, будзе падтрымліваць і прыватны бізнес. Такі пілотны праект ужо працуе ў некаторых універсітэтах краіны. Плюс да традыцыйнай студэнты атрымліваюць яшчэ адну стыпендыю. Але пры ўмове, што ў заліковай кніжцы няма ацэнкі ніжэйшай за 8 балаў. Па сутнасці, гэта аванс для тых, хто ўжо пасля атрымання дыплома зможа ўладкавацца на працу да дабрачынца. У цэлым жа сёння толькі ў банку дадзеных спецыяльнага прэзідэнцкага фонду - амаль 6 000 таленавітых і крэатыўных юнакоў і дзяўчат. Пятая частка з іх тыя, хто на выдатна прадэманстраваў свае веды за мяжой у галіне незвычайных прадметаў: экалогіі, тэхнічнай і мастацкай творчасці. Чаму незвычайныя прадметы перастаюць быць проста хобі і як сёння заахвочваюць тых, чые веды ператвараюцца ў золата, даведалася Улада Карніцкая.

Свае веды Таццяна Пасько ператварыла ў золата. Медаль вышэйшай пробы абітурыентка - а сёлета яна скончыла школу - атрымала на міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў у 2014. На першынстве ў Турцыі дзяўчына прапанавала сваю ідэю - каляровая кукуруза заваявала кожнага з журы.

Таццяна Пасько, вучаніца ДУА "Гімназія №21 г. Мінска":

"Такую кукурузу можна атрымаць з дапамогай селекцыі, сеем разнаколерную кукурузу, яна пераапыляецца, і атрымліваецца разнаколерны тып кукурузы. Ён карысны тым, што ў ім вялікая колькасць антыаксідантаў, іх у 12,5 раза больш, чым у зялёнай гарбаце".

А значыць, незвычайная кукуруза здольная яшчэ і змагацца з ракавымі клеткамі. Сёння тут, у сталічным цэнтры экалогіі і краязнаўства, яна расце на некалькіх градках - гэта доследная партыя. У планах, прызнаецца Таццяна, - прамысловыя маштабы. А ў самой - паказаць яшчэ адзін свой праект, але ўжо ў Швецыі на міжнародным конкурсе па ахове вадаёмаў.

Менавіта эколагі ўжо некалькі гадоў запар на міжнародных першынствах паказваюць свае праекты і, што самае галоўнае, заваёўваюць выключна золата. У топе колькасці ўзнагарод таксама інжынеры-робататэхнікі. Усяго ж толькі летась беларускія школьнікі прывезлі ў нашу краіну каля паўтысячы медалёў рознай вартасці.

І гэта толькі ў дадатковых прадметах. Такія сёння ў нашай краіне на павышаным узроўні вывучае кожны трэці школьнік. Толькі некаторыя з іх - а гэта дзеці з усіх рэгіёнаў краіны - сабраліся сёння ў сталічным цэнтры экалогіі і краязнаўства. Батаніка, лесаводства, энтамалогія - юнакі і дзяўчаты дэманстравалі свае веды ў інтэлектуальнай гульне. А ўжо ў наступным годзе некаторыя з іх пакажуць іх на міжнароднай алімпіядзе па экалогіі.

Віктар Якжык, намеснік Міністра адукацыі Беларусі: "З вяртаннем да навучання ў профільных старшых класах мы плануем рэалізаваць асобную праграму па пераемнасці агульнага сярэдняга дадатковага, і тут як раз нам не трэба нічога прыдумляць. Таму што мадэль эколага-біялагічнага профіля тут можа быць узятая за аснову".

Сёння кожны пяты лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі - пераможца алімпіяды па дадатковых прадметах. Яно і зразумела, яны гэтак жа, як і пераможцы алімпіяд па агульнаадукацыйных прадметах, атрымліваюць у першую чаргу матэрыяльную падтрымку. А сёлета ва ўніверсітэтах з'явіўся яшчэ адзін бонус: зараз у выглядзе авансу да традыцыйнай стыпендыі з'явілася магчымасць атрымаць яшчэ адну - ужо ад прыватнага бізнесу нашай краіны.

Юлія Пашкевіч, сакратар савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў: "Дзякуючы гэтай праграме хлопцы і дзяўчаты, студэнты-першакурснікі атрымліваюць фінансавую падтрымку банка ў выглядзе стыпендыі. Пры той умове, калі гэтыя хлопцы і дзяўчаты працягваюць навучацца і атрымліваюць ацэнкі не ніжэйшыя за 8 балаў".

Летась толькі ад спецыяльнага фонду Прэзідэнта прэміі атрымалі амаль 2 500 школьнікаў і студэнтаў - а гэта пяць мільярдаў рублёў. Але самае галоўнае, кожны з іх апынуўся ў банку дадзеных фонду. А значыць, ужо пасля атрымання дыплома гэтыя юнакі і дзяўчаты могуць быць упэўненыя ў сваёй прафесійнай будучыні, бо кожнага трэцяга працадаўцы выбіраюць з гэтага спісу.