Расійскі клуб "Начныя ваўкі" праехаў па святых для ўсіх беларусаў месцах

26 апреля 2015

У мерапрыемствах да 70-годдзя Перамогі прынялі ўдзел не толькі беларускія байкеры. Сёння прайшла яшчэ адна патрыятычная акцыя. Расійскі клуб "Начныя ваўкі" праехаў па святых для ўсіх беларусаў месцах. Курган Славы, Хатынь… Па задуме байкераў, аж да 9 Мая яны павінны пераадолець 6 тыс. км ад Масквы да Берліна. Днём "Начныя ваўкі" былі яшчэ ў беларускай сталіцы, а ў гэтыя хвіліны – па дарозе на Брэст. Больш падрабязна - Аляксандр Харавец.

Роў турбіраваных рухавікоў гэтых магутных матацыклаў - нібы грукат салюту ў гонар Вялікай Перамогі. Сёння ў другой палове дня на Кургане Славы яблыку няма дзе было ўпасці ад колькасці байкаў. Паводле слоў Андрэя Баброўскага, гэты мотапрабег для яго далёка не першы, але, бадай, найважнейшы. На матацыкле ў яго фатаграфія з прадзедам, які загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

З Масквы ў Берлін расійскія байкеры адправіліся напярэдадні. Прыпынак ля Кургана Славы цалкам вытлумачальны - менавіта тут у ліпені 1944 года падчас найбуйнейшай наступальнай аперацыі "Баграціён" у абкружэнне трапіла 105-тысячная групоўка гітлераўскіх войскаў. Дадзеная падзея атрымала назву "Мінскі кацёл". Разгром гэтай групоўкі завяршыўся 11 ліпеня і стаў яшчэ адным вырашальным крокам на шляху да вызвалення Беларусі. У гонар тых падзей байкеры ўсклалі кветкі ля мемарыяльнага комплексу.

Нягледзячы на тое, што ў Беларусь заехалі каля 2 дзясяткаў байкераў з Расіі, ужо на дарогах да іх далучыліся і беларускія байкеры.

Мотапрабег, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, праходзіць па шляху савецкіх войскаў. Байкеры маюць намер пераадолець больш як 6 тысяч кіламетраў і праехаць па тэрыторыях 12 краін.

Пасля Кургана Славы матацыклісты наведалі мемарыяльны комплекс "Хатынь", пасля чаго накіраваліся ў Брэст. Ужо заўтра байкеры адправяцца ў Польшчу. А завяршыць пераможны мотапрабег збіраюцца 9 мая ў Берліне.