Дырэктарам Парка высокіх тэхналогій прызначаны Усевалад Янчэўскі

15 марта 2017

Сёння ўказам Прэзідэнта Беларусі дырэктарам Парка высокіх тэхналогій прызначаны Усевалад Янчэўскі.

Да гэтага ён займаў пасаду памочніка Кіраўніка дзяржавы. Сфера IT для яго не новая. Усевалад Янчэўскі ўзначальваў наглядальны савет ПВТ і курыраваў сферу інфарматызацыі і высокіх тэхналогій. Нагадаем, Беларусь - лідар сярод краін СНД па развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Пра гэта сведчыць рэйтынг Міжнароднага саюза электрасувязі. Наша краіна займае 31 пазіцыю з 175 краін, яна адзіная на постсавецкай прасторы, каму за год удалося палепшыць пазіцыі на 5 пунктаў.

Дарэчы, Парк высокіх тэхналогій адпраўляе на экспарт 91,5 % зробленага праграмнага забеспячэння. Напрыклад, мабільнымі дадаткамі, распрацаванымі ў ПВТ, карыстаецца больш за 900 мільёнаў чалавек у 193 краінах свету. А непасрэдныя заказчыкі праграмнага забеспячэння - 66 дзяржаў свету. Дасягненні нашай краіны ў IT-сферы шырока вядомыя за мяжой. Надышоў момант для пераходу на новы этап. Беларусь можа стаць IT-краінай і лідарам па развіцці высокіх тэхналогій як мінімум ва Усходняй Еўропе. Усе гэтыя задачы трэба будзе вырашаць новаму кіраўніку.