Дзікая прырода скідвае цяжкую ношу, якая становіцца незвычайным трафеем

25 марта 2017

Пачатак вясны - перыяд ажыўлення ў дзікай прыродзе. І менавіта ў сакавіку вялікая верагоднасць заўважыць у лесе прымету гэтай пары - рогі высакароднага аленя або казулі. Пасля зімы капытныя пазбаўляюцца ад цяжкай ношы - скідваюць 15-кілаграмовыя рогі. Вольга Маслоўская адправілася ў лес па незвычайны трафей.

З чарговай экспедыцыі па назіранні за птушкамі арнітолаг Дзмітрый Шамовіч вярнуўся з трафеем. І гэта не толькі фатаграфія гогаля, які адным з першых пералётных птушак вярнуўся на поўнач Беларусі. Ля моста праз раку біёлаг знайшоў рог лася.

Знаходкі становяцца часткай інтэр'еру. У невялікай калекцыі біёлага пакуль толькі рогі лася. З наступленнем вясны ад цяжкай ношы вызваляецца яшчэ адзін прадстаўнік капытных - алень высакародны.

Яшчэ нейкіх 20 гадоў таму знайсці рогі высакароднага аленя ў лясах Віцебскага рэгіёна было немагчыма. Від знік. Аднаўленне папуляцыі - амбіцыйны праект паляўнічай гаспадаркі Чырвоны бор і Акадэміі навук. Сёння ў дзікай прыродзе на стыку Верхнядзвінскага і Расонскага раёнаў - больш за 600 венцаносных насельнікаў. Нягледзячы на тое, што гэта самы паўночны пункт на карце Беларусі, дзе жывуць алені высакародныя, яны выдатна адаптаваліся да навакольнага асяроддзя.

Развіццё папуляцыі карэкціруюць навукоўцы. Тут важная генетычная разнастайнасць. Таму ўсе знойдзеныя рогі перш за ўсё дастаўляюць у лабараторыю. Там біялагічны матэрыял вывучаюць, а атрыманыя дадзеныя сістэматызуюць.

Зараз у лабараторыі асабліва шмат працы, бо за акном, жартуюць навукоўцы, рагапад.

Складана ўявіць, але ў мяне ў руках не што іншае, як прылада працы першабытнага чалавека. З рогаў высакароднага аленя нашы продкі выраблялі матыкі для апрацоўкі зямлі. Пазней - цацкі, упрыгажэнні і зброю.

Дарэчы, без звыклай ношы алені будуць нядоўга. Усяго праз чатыры месяцы раскошныя галінастыя рогі ўпрыгожаць галаву ганарлівага насельніка беларускіх лясоў.