Дзед Мароз у пагонах

18 Снежня 2013
Другі этап рэспубліканскай акцыі МНС Бяспечны Новы год распачаўся ў Мінскай вобласці. Дзясяткі супрацоўнікаў выратавальнай службы ў вобразе Дзеда Мароза павіншуюць з надыходзячым святам шматдзетныя сем'і, правядуць навучальныя конкурсы і віктарыны па правілах пажарнай бяспекі.

Да акцыі далучылася і наш карэспандэнт Марына Мураўёва.

Новы год - свята, безумоўна, чароўнае. А разам з тым і час асаблівага кантролю для службаў МНС. Петарды і феерверкі ў мінулым годзе прывялі і да шпіталізацыі. Пад пільнай увагай ратавальнікаў сёння - шматдзетныя сем'і.

Паўгадзіны таму маёр унутранай службы МНС Аляксей Рак быў на аператыўнай лятучцы, а зараз абувае валёнкі Дзеда Мароза. У такім казачным амплуа ўпершыню. Разам са сваёй калегай, старшым інспектарам Юліяй, ужываюцца ў ролю Дзядулі і ўнучкі.

Стартавай пляцоўкай для акцыі стаў Лагойскі раён. Менавіта ў ім пражывае найбольшая колькасць шматдзетных сем'яў Мінскай вобласці. Падчас акцыі толькі ў гэтым раёне Дзед Мароз наведае больш за 90 сем'яў.

Акрамя Снягуркі, разам з Дзедам Марозам дзетак віншаваў і забаўны персанаж - Ратавальнік. Менавіта ён у сённяшняй акцыі стаў сімвалам бяспечнага навагодняга свята.

Разам са звыклымі загадкамі і забавамі госці правялі навучальныя конкурсы і віктарыны па правілах пажарнай бяспекі. Ад Дзеда Мароза дзеткі атрымалі не толькі цукеркі, але і спецыяльныя падарункі ад выратавальнай службы.

Акцыя Бяспечны Новы год завершыцца 28 снежня. А ў пачатку наступнага тыдня Дзеда Мароза ў пагонах убачаць выхаванцы школы-інтэрната ў Радашковічах.