У жыхаркі Рудзенска з'явіўся незвычайны гадаванец

1 ноября 2017

Лемуры, ігуаны і яноты - у дамах беларусаў ужо далёка не экзотыка. Але ў жыхаркі Рудзенска з'явіўся незвычайны гадаванец. Гусак Марцін вельмі любіць сваю гаспадыню, дазваляе гладзіць сябе і нават адклікаецца на мянушку. Падрабязней - Наталля Кузьміцкая.

Спачатку напалохаўся, а пасля расправіў крылы і пачаў пазіраваць. Гусак Марцін - самая знакамітая птушка ў акрузе, відаць, ён гэта добра ведае.

Літаральна год таму гаспадар сям'і Мікалай Партыка вырашыў набыць для хатняй гаспадаркі парачку гусей. Дачка Надзея вельмі прывязалася да гусака і нават дала яму мянушку. Марцін не толькі пачаў адгукацца на яе, але і стаў лашчыцца, што птушкам яго роду звычайна не ўласціва.

Аднак ласкавы Марцін не да ўсіх. Гаспадары жартуюць, нездарма кажуць «гусі Рым выратавалі» - часам ен лепш за вартавога сабаку ахоўвае свае ўладанні.

Штодзённы распарадак дня Марціна вельмі насычаны: з раніцы паснедаць, пагуляць у парку, паганяць пеўня, і, зразумела, прыняць водныя працэдуры.

Гусь Марцін – птушка гасцінная і ветлівая. Найбольш лагодная яна да дзяўчат.

Для свайго гадаванца Надзея нават завяла старонку ў “Інстаграм”.