Большасць устаноў адукацыі Віцебскай вобласці ўжо атрымалі пашпарты гатоўнасці

11 августа 2018

Трыста пяцьдзясят школ і больш за чатырыста дзіцячых садкоў адчыняць свае дзверы ў новым навучальным годзе ў паўночным рэгіёне краіны. За парты сядуць звыш ста дзесяці тысяч школьнікаў. З іх адзінаццаць тысяч - першакласнікі. Пакуль дзеці разам з бацькамі рыхтуюцца на першага званка, у школах завяршаецца падрыхтоўка да новага навучальнага года. Дарэчы, большасць устаноў адукацыі Віцебскай вобласці ўжо атрымалі пашпарты гатоўнасці. Мая калега Марына Раманоўская прайшлася па абноўленых класах і калідорах.

Уражанні самыя прыемныя. Пры падрыхтоўцы да навучальнага года ў першую чаргу звярталася ўвага на рамонт дахаў, фасадаў, інжынерных сетак. Глянец наводзяць і на тэрыторыі школ. Падрабязней - у сюжэце.

Хутка для Дашы Касьянавай празвініць першы ў яе жыцці школьны званок. А пакуль ёсць час для шопінгу. У гардэробе першакласніцы - новы сарафан, прыгожая спадніца і блуза. У пенале - новыя ручкі, лінейкі, алоўкі. Але больш за ўсё Дар’і падабаецца школьны партфель. Стыльны і зручны.

На паліцах магазінаў - школьныя партфелі на любы густ і ўзрост. Для вучняў пачатковых класаў, расказваюць кансультанты, бацькі ўсё часцей набываюць артапедычныя ранцы. У трэндзе - яркая размалёўка і якасная фурнітура.

Чырвоныя, фіялетавыя і сінія элементы ўпрыгожваюць і школьныя касцюмы. Асаблівы попыт - на натуральныя тканіны. З сярэдзіны ліпеня ў вобласці арганізаваны пашыраны продаж усяго неабходнага для школьнікаў. А васямнаццатага і дваццаць пятага жніўня ў паўночным рэгіёне краіны пройдуць школьныя кірмашы.

У адзінаццатай школе Віцебска веды будуць атрымліваць больш за восемсот вучняў. Касметычны рамонт - у кожным класе. Будучых чэмпіёнаў чакае абноўленая спартыўная зала. Дарэчы, у школе дзейнічае секцыя настольнага тэніса. Ёсць пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў. Для заняткаў на свежым паверты - футбольнае поле з новым газонам, які зазелянее да пачатку новага навучальнага года .

Хутка пашпарты гатоўнасці атрымаюць усе ўстановы адукацыі рэгіёна. Завяршаецца праца па добраўпарадкаванні стадыёнаў і спартыўных пляцовак. Рамонтныя работы завяршаюцца і ў другой школе Верхнядзвінска. Райцэнтр рыхтуецца да абласных “Дажынак”. Таму мадэрнізацыя тут маштабная. У абноўленай школе з’явіцца сучаснае абсталяванне. А сама навучальная ўстанова, дзякуючы сонечным калектарам, стане энергаэфектыўнай.

Сучасная мэбля, музычныя інструменты, акустычная апаратура. Новае жыццё атрымаў і абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі. Капітальны рамонт працягваўся дзевяць месяцаў. Зараз усе будаўнічыя і аддзелачныя работы завершаны. Ва ўтульных памяшканнях музыкай, танцамі і спортам будуць займацца прыкладна дзве тысячы школьнікаў.