Больш за паўтары тысячы маладых людзей гэтым летам сталі ўдзельнікамі працоўных студатрадаў

1 августа 2017

Гэта сэрвісныя, будаўнічыя і медыцынскія каманды. Атрымаць карысны вопыт і, галоўнае, зарабіць першыя грошы яны змаглі на буйных прадпрыемствах і будаўнічых пляцоўках Мінска. А сёння, у Дзень студэнцкіх атрадаў, працоўныя каманды папоўніліся яшчэ некалькімі дзясяткамі маладых людзей. Аляксандра Кавеліч пазнаёмілася з імі.

Гэта дзень для Марыны Мазалеўскай стаў асаблівым. Сёння дзяўчына атрымала першае працоўнае месца - у студэнцкім атрадзе. Спачатку кароткі інструктаж і знаёмства са спецыфікай прадпрыемства. Пасля - урачыстае ўручэнне формы. Пачатак працоўнай змены для гэтай каманды супаў з Днём студэнцкіх атрадаў.

Марына Мазалеўская, удзельніца студэнцкага атрада: "Я вырашыла адзін месяц адпачыць, адзін папрацаваць. Тым больш зарабіць грошай нікому не перашкодзіць. Акадэмія падала месца, і можна паспрабаваць, цікава ж".

Толькі на гэтым прадпрыемстве свой першы працоўны вопыт атрымалі некалькі дзясяткаў сталічных студэнтаў у так званых сэрвісных атрадах. Студэнты займаюцца разгрузкай і камплектацыяй тавараў, дапамагаюць з прыбіраннем тэрыторый.

Наталля Пуліна, намеснік гендырэктара сталічнага прадпрыемства: "Працуюць у такі напружаны адпускны перыяд, калі часам рук не хапае. Гэта вопыт набыцця нейкіх навыкаў. Лідарства, арганізатарскіх здольнасцяў, камунікабельнасці. З імі працуюць вопытныя працаўнікі. Забяспечаны і іх вольны час. У нас добрая трэнажорная зала, тэнісныя сталы".

А гэтыя студэнты працуюць на адным са сталічных заводаў. Дапамагаюць з рамонтам памяшканняў і добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Напрыклад, зараз рыхтуюць пляцоўку для будаўніцтва новай дарогі. Юнакі зладжана выконваюць розныя заданні. Камандзір атрада Уладзіслаў адказвае за працу ўсёй каманды. Упэўнены, такі вопыт будзе карысным.

Уладзіслаў Касько, камандзір студэнцкага атрада: "Думаю, мне гэта спатрэбіцца ў далейшым. Трэба рыхтавацца да новага навучальнага года, купляць рэчы, бацькам дапамагаць. Займаемся асфальтавымі, бетонавымі работамі... таксама фарбавальнымі".

Перавага такога працаўладкавання не толькі ў магчымасці зарабіць грошы - дарэчы, у сярэднім гэта 300 рублёў за месяц, але і ў атрыманні карыснага вопыту ў розных сферах.

Усяго ж толькі сталічныя студатрады гэтым летам прынялі больш за паўтары тысячы чалавек. Дарэчы, стаць удзельнікам працоўнай каманды можна не толькі падчас канікул, але і ў вольны ад вучобы час на працягу ўсяго года.