Без даху над галавой засталіся і жыхары аднаго з дамоў у Дзяржынску

27 июля 2016

Праўда, тут з-за пажару. І ўсё бы можна было аператыўна вырашыць, калі б кватэры былі застрахаваныя. А так - жыллё разбурана, людзям няма дзе жыць, мясцовыя ўлады прапаноўваюць месца ў інтэрнаце, але аднаўляць згарэлы дом не спяшаюцца. У праблеме разбіраўся Аляксандр Харавец.

Бестурботнае жыццё і планы Галіны Раткевіч аб касметычным рамонце кватэры знішчыў пажар. Цалкам згарэў дах шматкватэрнага дома. Заложнікамі сітуацыі апынуліся 8 сем'яў. Жыць - няма дзе. Жанчына прызнаецца: праблему дапамагла б вырашыць страхоўка, але ніводная з кватэр застрахаваная не была. Жыллё толькі прыватызаванае.

У гэтым доме пастаянна жылі толькі тры сям'і. Астатнія прыязджалі, як на дачу. Пасля пажару - хто ў сваякоў, а хто ў знаёмых. Мікалай Канапелька ўжо практычна месяц жыве ў машыне. Начуе ў гаражы.

Праблема пагарэльцаў для мясцовай улады - не навіна. Але вось яе вырашэнне даецца з цяжкасцю. Вылучыць пацярпелым новыя кватэры - магчымасці няма. Прапанавалі пакоі ў інтэрнаце, толькі прыняць такую дапамогу практычна ўсе адмовіліся. Сярод іх і Мікалай Канапелька.

Мясцовыя ўлады гатовыя дапамагчы і з будматэрыяламі. Прапануюць драўніну на корані па сабекошце. Але для таго каб адбудаваць дом ізноў, і самім гаспадарам трэба прыкласці трохі намаганняў.

Спецыялісты гавораць: дом можна аднавіць. Для гэтага жыхарам неабходна напісаць заяву ў выканкам аб рэканструкцыі і атрымаць дазвол. Аднак з 8 уласнікаў, толькі трое звярнуліся да мясцовых улад. А распачынаць будаўнічыя працы без згоды ўсіх гаспадароў забаронена.

Зараз праваахоўнікі высвятляюць прычыну пажару. Версіі 2 - замыканне электраправодкі або неасцярожнае абыходжанне з агнём. Пагарэльцы чакаюць вынікаў расследавання.

Пакуль вядзецца следства, сітуацыя, мяркуючы па ўсім, наўрад ці зменіцца. Ці з'явіцца дах над галавой да наступлення халадоў - у першую чаргу залежыць ад саміх людзей. А яны, здаецца, ужо прывыклі жыць на папялішчы.