Беларусы сёння адзначылі Першамай

1 мая 2018

Свята вясны, міру і працы. Беларусы сёння адзначаюць Першамай. Часы мяняюцца, але тое лепшае, што было закладзена яшчэ нашымі продкамі, захоўваецца. 1 Мая - тая самая добрая традыцыя, якая аб'ядноўвае пакаленні. Са Святам працы беларусаў павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. І адзначыў галоўныя рысы нацыянальнага характару - добрасумленнае стаўленне да працы, справядлівасць і адданасць сваёй зямлі. У нашай краіне гэты дзень - выхадны. Зрэшты, шматлікія і сёння сваёй карпатлівай працай, напрыклад - на сваіх участках, умацоўваюць традыцыі продкаў. Святочны настрой з самай раніцы задала і надвор'е. Урачыстасці разгарнуліся ва ўсіх рэгіёнах. У Гродне - парад прафесій: медыкі, настаўнікі, будаўнікі віталі гараджан у гістарычным цэнтры. У Магілёве выбралі лепшых у сваёй справе - там абнавілі дошку пашаны. Насычаная праграма і ў беларускай сталіцы - забаўляльныя пляцоўкі, фотазоны і святочныя канцэрты. Як Беларусь адзначыла Першамай, раскажа Анастасія Бенедзісюк.

Мір. Праца. Май. Больш за стагоддзе гэты дзень сімвалізуе салідарнасць усіх працаўнікоў. Прычым ад Мінска да Гаваяў. 142 краіны адзін дзень у годзе прысвячаюць тым, хто, магчыма, і ў гэтыя хвіліны не адрываецца ад вытворчасці: будзь гэта ля станка на заводзе або на трактары ў полі, або з мікрафонам у руках. І тут, дарэчы, знаходжанне абавязвае: Белтэлерадыёкампанія, Макаёнка, 9 - Першамайскі раён Мінска.

І менавіта ў сталіцы стартуе свята. Манумент "Мінск - горад-герой". З самай раніцы сюды ішлі з кветкамі. Гарадскія ўлады, аграрыі, спартсмены, артысты - усе ў складзе прафсаюзаў. Сёння ў барацьбе за правы (ахову працы, бяспеку, своечасовую зарплату) менавіта гэтая ўплывовая арганізацыя аб'ядноўвае працаўнікоў краіны. Старшыня федэрацыі адразу заўважае: Першамаем вымярае год. І адразу падводзіць вынікі года мінулага.

Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:

"1 Мая - гэта тое свята, калі мы падводзім вынікі працы прафсаюзаў. Мы сёння можам сказаць, што намаганнямі Федэрацыі прафсаюзаў мы змаглі вярнуць незаконна ўтрыманыя і нявыплачаныя грашовыя сродкі людзям у памеры 3 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Мы ўсталі на абарону і аднавілі на працы незаконна звольненых людзей (гэта 86 чалавек), мы сёння больш чым у ста выпадках прымалі ўдзел у расследаванні, калі станавіліся на пазіцыю справядлівасці і аб'ектыўнасці разгляду няшчасных выпадкаў, каб абараніць правы членаў прафсаюза".

Ірына Касцевіч, Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі:

"Праца - гэта вялікая каштоўнасць, а годная праца - гэта права кожнага чалавека. І першым чынам, вядома ж, нам на рынку працы трэба забяспечыць працоўныя месцы з годным узроўнем зарплаты і з годнымі ўмовамі працы. Ёсць станоўчая дынаміка і па адным, і па другім кірунках".

Тут жа ўшаноўвалі працоўную дынастыю Булойчык. Ужо шмат гадоў адразу тры пакаленні працуюць на Мінскім заводзе колавых цягачоў. Агульны працоўны стаж сям'і - 209 гадоў.

А ў Магілёве да гэтага часу выбралі "Чалавека года" і "Лепшага прадпрымальніка". Тут жа абнавілі абласную дошку пашаны. Адзначаныя паўсотні працоўных калектываў рэгіёна і асабістыя заслугі ў розных галінах. Сярод узнагароджаных - урачы, аграрыі, прадстаўнікі духавенства і тыя, хто адраджае малую радзіму.

Антон Іванавіч Лысоў аддаў ахове здароўя 45 гадоў свайго жыцця. Дзеля выратавання жыццяў іншых. Колькасць аперацый, праведзеных хірургам, не злічыць. Сотні, тысячы… Усе гэтыя гады, гаворыць галоўны ўрач абласнога анкадыспансера, марыў разам з калегамі толькі аб адным - даць як мага больш шанцаў пацыентам на акрыянне. Новай прыступкай у развіцці медыцыны, прычым усёй вобласці, стала адкрыццё сучаснага хірургічнага цэнтра. З 8-ю аперацыйнымі і абсталяваннем на грані фантастыкі, якое дазваляе праводзіць кансультацыі анлайн з усім светам. Але галоўнае - пацыенты. Яны вяртаюцца ў сем'і, працягваюць працоўную кар'еру. Выпіска - праз лічаныя гадзіны пасля аперацый. Гэты цэнтр таксама на дошцы пашаны.

У Гродне свята працы адзначылі парадам прафесій. Тут і медыкі, і настаўнікі, і будаўнікі, і даяркі.

Больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў прайшлі па гістарычных вуліцах горада. Для маленькіх гасцей на цэнтральнай плошчы горада арганізавалі інтэрактыўную выставу "Горад прафесій", дзе дзеці маглі прымерыць адзенне энергетыка або інкасатара, а яшчэ... зазірнуць у службовыя аўтамабілі. Адметнасцю свята стала будаўніцтва стылізаванага дома з паўметровых кубоў. Паводле задумкі, макет будынка сімвалізуе роднае месца і любімую працу.

Ігар Лавянюк і ў свята вырашыў не пакідаць любімую працу. Ды на малой радзіме. Вясна - час працы, упэўнены кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі. Раннюю бульбу на яго палях ужо нават не саджаюць, абганяюць. Тут вырошчваюць і гародніну, але асноўныя плошчы прадпрыемства займае фруктовы сад. Пад ім 80 гектараў. Яблыні, грушы, слівы… Сёлета сады заквітнелі раней за звычайнае. Працы хапае. Каб мець вынік, лічыць фермер з 12-гадовым стажам, трэба актыўна папрацаваць у гарачы сезон.

Уласна, у гэтым і ёсць чалавек працы: працаваць да сёмага поту і ў выхадны, і ў свята, працаваць на вынік. І нават адпачнуўшы ў Дзень працы, ужо 2 мая - з новымі сіламі і па чарговыя рэкорды.