Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву - 100 гадоў

21 декабря 2018

Гісторыя працягласцю 100 гадоў - цэлая эпоха. Абрэвіятура БелТА стала брэндам інфармацыйнай прасторы нашай краіны. Сёння гэта не толькі інтэрнэт-партал, але і перыядычныя друкаваныя выданні: газета "7 дней", часопісы “Экономика Беларуси” і "Беларуская думка". Журналісты суправаджаюць сайты, а таксама працуюць з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы - аператыўную і канкрэтную інфармацыю з беларускіх медыяпалёў рассылаюць на 320 адрасоў у Расіі. Інфармацыйны рэсурс ствараюць каля 200 супрацоўнікаў, уключаючы тэхнічны персанал. І ўсё ж касцяк каманды БелТА складаюць пішучыя журналісты і фота- і відэакарэспандэнты. Чым жывуць сёння тыя, для каго навіны - вобраз жыцця?

Рэпартаж Ніны Мажэйкі.

Захар’еўская, 44, а цяпер праспект Незалежнасці, недалёка ад педагагічнага ўніверсітэта і Чырвонага касцёла. Прыблізна ў гэтым месцы знаходзіўся будынак, які атрымаў першую прапіску: Беларускае аддзяленне ТАСС. 23 снежня 1918 года. Гэта першы, але не апошні адрас белтаўцаў. Пераязджалі часта, напрыклад, пасля Вялікай Айчыннай вайны арандавалі некалькі пакояў у Палацы прафсаюзаў. Але заўсёды сяліліся бліжэй да цэнтра. Статус летапісцаў сучаснасці дазваляў і дазваляе.

Офіс па адрасе Кірава, 26 - гэта самая стабільная прапіска з 1975 года. Іншыя адрасы, акрамя першапачаткова гістарычнага, проста не адшукаць. У Нацыянальным архіве захоўваюцца арыгіналы, а ў БелТА - копіі дакументаў. Агенцтва стала БелТА ў 1931 годзе. Адпаведная копія дакумента захоўваецца ў інфармацыйна-даведачным аддзеле галоўнага выпуску. Тут вывяраюцца і пераўдакладняюцца ўсе факты.

Ірына Акуловіч, генеральны дырэктар БелТА:

"БелТА адбылася як медыйная аўтарытэтная структура. Гэта тая арганізацыя, тое інфармагенцтва, кожнаму слову якога можна давяраць. Мы вельмі актыўна развіваем і відэанапрамак, ідзём у сацсеткі, мы працуем у месенджарах. Мы разумеем, што і там аўдыторыя ў нас ужо дзясяткі тысяч. Гэта таксама магчымасць атрымаць інфармацыю, распаўсюдзіць яе сярод людзей і аддаць яе спажыўцу".

Сёння БелТА - гэта не толькі інфармацыйная стужка для прасунутых спажыўцоў, але і запатрабаваны інтэрнэт-партал з ахопам 150 тысяч наведвальнікаў за суткі, а колькасць прагледжаных старонак складае больш за 550 тысяч.

Быць першакрыніцай і прымусіць сябе цытаваць нават прафесійную супольнасць няпроста. Лік ідзе на секунды. Менавіта яны вырашаюць. Выверыць тэкст, адкарэктаваць назву - за дзень 200 паведамленняў.

Праца нагадвае місію сапёра. Памыліцца нельга. Задачу з зорачкай вырашаюць журналісты. Інфармацыйнае падсілкоўванне ў рэжыме нон-стоп - спектр тэм пераплюне не толькі вясёлку: палітыка, грамадства, культура. Яны гатовыя да цяжкасцей у любых умовах надвор’я, з ноўтбукамі пад мышкай і доступам да WI-FI.

А гэтыя інтэр'еры ўжо дакладна пазнае ўся краіна. Напярэдадні 100-гадовага юбілею белтаўцаў запрасілі ў Палац Незалежнасці. Дзясяткі цырыманіяльных і рабочых залаў з гістарычным падтэкстам у кожнай дэталі. Бо ўсё тут беларускае. Некаторыя з запрошаных і самі ў стане праводзіць аглядныя экскурсіі.

Супрацоўнікі БелТА глядзяць на падзеі і праз аб'ектыў фотакамеры. За 10-15 хвілін у сярэднім 150 кадраў, яны ўмеюць лавіць момант і спыняць час. Менавіта белтаўскія аб'ектывы часцей за ўсё аказваюцца першымі ў інфаачагах.

Архіў кампаніі налічвае больш за 200 тысяч здымкаў. Большая частка хронікі за 100 гадоў існавання агенцтва ўжо пераведзена ў лічбавы фармат. Гэтыя кадры складаюць гісторыю. Да 100-годдзя арганізацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы рэтраспектыва. Лепшае за 100 гадоў. Вось ужо сапраўды гісторыя ў асобах.

Тыя, хто звычайна працуе за кадрам і аддае перавагу цішыні для напісання тэксту, аказаліся пад прыцэлам камер. Павіншаваць БелТА з юбілеем сабраліся дзяржаўныя дзеячы і медыябосы. Яны ведаюць, у чым сіла БелТА.

Прызнанне таленту. Тое, чаго так чакаюць усе творчыя работнікі. Увага да сваёй працы. На парозе стагоддзя тым, чый асабісты лёс так шчыльна пераплятаецца з прафесійным, уручылі нагрудныя знакі, медалі, ганаровыя граматы. Гэта не проста фармальнасці. Бо БелТА - гэта не проста літары, гэта людзі.