Беларускі экіпаж сёння раніцай адправіўся ў кругасветнае падарожжа на лёгкім вінтавым самалёце

18 августа 2018

Два пілоты, адно неба і ўвесь свет. Беларускі экіпаж упершыню ў гісторыі нашай краіны сёння раніцай адправіўся ў кругасветнае падарожжа на лёгкім вінтавым самалёце. Экспедыцыя пачалася без гучных праводзінаў і вялікіх прэс-канферэнцый. Пілоты - людзі забабонныя, але абяцаюць трымаць сувязь з нашым тэлеканалам і дзяліцца відэа свайго падарожжа. Маршрут пракладзены праз 10 краін. Пілоты плануюць пераадолець 28 тысяч кіламетраў і правесці ў паветры каля 100 гадзін. Больш за ўсё яны асцерагаюцца расійскай Чукоткі - з-за магчымага недахопу паліва, адсутнасці сувязі і пляцоўкі для паспяховай пасадкі.

Галоўная мэта кругасветкі - не проста праляцець вакол Зямлі, але і паказаць усяму свету магчымасці нашай авіяцыі агульнага прызначэння. Акрамя таго, пілоты хочуць унесці беларусаў у спіс кругасветных падарожнікаў і запрасіць жыхароў іншых рэгіёнаў у госці. На радзіму экіпаж плануе вярнуцца праз месяц.