Беларускія навукоўцы стварылі аўтаматычную сістэму для маніторынгу высотак

5 марта 2015

Цалкам выключыць магчымасць дэфармацыі або абвальвання будынка. Беларускія навукоўцы стварылі аўтаматычную сістэму для маніторынгу высотак і пабудоў з незвычайнай канструкцыяй. Сёння працаўнікі Акадэміі навук прэзентавалі яе будаўнікам і архітэктарам у сталічным шматфункцыянальным бізнес-цэнтры "Ветразь". Гэты будынак яшчэ пакуль узводзіцца, але менавіта на гэтым этапе, гавораць спецыялісты, і трэба ўсталёўваць сістэму. У цэлым жа гэта распрацоўка ўжо працуе ў пяці будынках. Сярод іх і галоўныя спартыўныя пляцоўкі краіны.

З прэзентацыі "разумнай" распрацоўкі - рэпартаж Улады Карніцкай. Гэтая сістэма адчуе практычна любы подых ветру. Спецыяльная распрацоўка навукоўцаў Інстытута прыкладнай фізікі Акадэміі навук сочыць за адхіленнямі будынкаў. Усяго адзін кам'ютар і крыху больш за сотню спецыяльных датчыкаў на апорных сценах - і найменшыя ваганні ў бетоне неадкладна адлюстроўваюцца на маніторы. Яшчэ адзін плюс сістэмы – апавяшчэнне аб няспраўнасці можа імгненна адпраўляцца ў смс-паведамленні або на электронны адрас аператара.

Сістэму прэзентавалі сёння ў адным з самых высокіх будынкаў сталіцы. Бізнес-цэнтр "Ветразь" яшчэ не дабудаваны, але "разумны" кам'ютар ужо працуе. Плюсы такіх новаўвядзенняў для будынка вышынёй 133 метры сёння ўжо ацанілі па сутнасці тыя, хто і адказвае за бяспеку любой пабудовы.

Сёння "разумная" распрацоўка нашых навукоўцаў ужо маніторыць галоўныя спартыўныя пляцоўкі краіны - "Мінск-Арэну", "Чыжоўка-Арэну" і новы навучальна-трэніровачны цэнтр "Фрыстайл". Сістэма, па сутнасці, і была створана ў першую чаргу менавіта для такіх будынкаў - са складанай і незвычайнай канструкцыяй.

Пакуль толькі ў Мінску пяць так званых высотак. Гэта будынкі вышэй за 75 метраў. Два з іх ужо кантралюе спецыяльная сістэма, створаная нашымі навукоўцамі. Але, упэўнены спецыялісты, "разумная" распрацоўка неўзабаве з'явіцца ва ўсіх будынках, вышэй чым 12 паверхаў або з незвычайнай канструкцыяй.

Спецыяльныя датчыкі з маркай "Зроблена ў Беларусі" абыдуцца ў суму каля 4 тысяч долараў. Але, гавораць эксперты, змогуць зэканоміць мільёны. І што самае галоўнае, у выпадку неабходнасці, прадухіліць трагедыю.