Беларускія цырульнікі прызнаныя лепшымі на конкурсе "Неўскія берагі"

12 марта 2015

Сёмы раз беларускія стылісты прывезлі ў Мінск каманднае золата з найбуйнейшага ва Усходняй Еўропе конкурсу. На "Неўскіх берагах" беларускія цырульнікі прызнаныя лепшымі ў фантазійных, вясельных і вячэрніх жаночых прычосках, у нэйл-дызайне і візажы. Пасля незалежная каманда Беларусі паспела паўдзельнічаць у цырульніцкіх спаборніцтвах у Фінляндыі, адкуль таксама вярнулася пераможцам.

Як з дапамогай фена і лаку стварыць непаўторныя вобразы, даведалася Наталля Кузьміцкая.

100 з лішнім гарадоў Расіі і Еўропы, 24 каманды і амаль паўсотні мадэляў, а яшчэ, калі верыць арганізатарам, 250 тон лаку і паўтоны шампуняў. Адзін з самых знакавых конкурсаў у індустрыі прыгажосці “Неўскія берагі” сёмы раз пакарылі беларускія майстры прычосак.

Колер, форма, бездакорнасць - галоўныя крытэрыі ацэнкі цырульніцкай конкурснай работы. Аднак, каб стварыць ідэальную форму і вытанчаны вобраз, патрэбны не адзін дзень плённай працы.

Каб набіць руку, патрэбная практыка. Не шкадуючы часу, сіл і матэрыялаў. А шматлікія перамогі для любога майстра цырульніцкай справы - не падстава для перапынку.

І гледзячы на гэтыя футурыстычная канструкцыі з валасоў і тое, як умела рухаецца рука майстра, сапраўды здаецца, што гэтыя стылісты могуць зрабіць прычоску любой цяжкасці з заплюшчанымі вачыма. Калекцыя ўзнагарод - красамоўнае пацверджанне.

Салон прыгажосці і музей славы, у якім сабрана больш за 600 узнагарод з розных конкурсаў цырульніцкага майстэрства. Напярэдадні калекцыю папоўнілі яшчэ два залатыя медалі і кубак пераможцы з прафесійных спаборніцтваў у Фінляндыі.

Наперадзе яшчэ чэмпіянат свету ў Францыі, дзе ў гэтай каманды ёсць усе шанцы заняць першае месца і чарговы раз даказаць, што яны лепшыя. Узяўшы ў рукі фен і грэбень, яны ўжо працуюць над новымі вобразамі.