Беларуская дэлегацыя рыхтуецца прыняць удзел у найбуйнейшым моладзевым форуме

27 сентября 2017

Беларуская дэлегацыя рыхтуецца прыняць удзел у найбуйнейшым за апошнія трыццаць гадоў моладзевым форуме. На Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў, які ўжо праз два тыдні пройдзе ў Сочы, нашу краіну прадставяць студэнты 27-мі ВНУ і дзясятка прадпрыемстваў. Сёння наша здымачная група першай убачыла форму, у якой беларусы прыедуць у Сочы. Агенцтва тэленавін рыхтуе і промаролік да фестывалю. Прэзентаваць Беларусь як дзяржаву якаснай вышэйшай адукацыі, месца для моладзевага турызму, краіну спартыўную - гэтыя задачы стаяць перад беларускай дэлегацыяй. Сёлета гаспадыня фестывалю - Расійская Федэрацыя - рыхтуецца прыняць у Сочы і Маскве рэкордныя 20 тысяч чалавек са 150-ці краін свету. Пры гэтым заяўкі на ўдзел падалі больш чым 2 мільёны чалавек. Адбор у Сочы быў сур'ёзным.

Надзея Сербіненка пазнаёмілася з прадстаўнікамі беларускай дэлегацыі.

Лідары ў вучобе, наймацнейшыя ў спорце, ініцыятары ў жыцці. Яўген Харук, аспірант Белдзяржуніверсітэта, едзе ў Сочы з канкрэтнымі прапановамі: як зрабіць жыццё студэнтаў па ўсім свеце лепшым.

Сочы ўжо сёння рыхтуюцца прыняць фестывальную эстафету і 20 тысяч удзельнікаў з усяго свету.

Першы Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў адбыўся ў 1947 годзе ў Празе і стаў самым працяглым у гісторыі - ён доўжыўся амаль 6 тыдняў! У ім прынялі ўдзел 17 тысяч чалавек з 71-й краіны. Сёлета фестывальнаму руху спаўняецца 70 гадоў. У 2017-м упершыню ў гісторыі фестываль пройдзе адразу ў двух гарадах: у Маскве і Сочы. Вызначаны лагатып форуму. Ім стаў голуб у цэнтры рамонка, а пяць рознакаляровых пялёсткаў кветкі сімвалізуюць пяць кантынентаў. Рамонак складаецца са мноства пікселяў, а гэта ўжо даніна эпосе digital.

У Беларусі адна з самых вялікіх квот на колькасць удзельнікаў. Наша дэлегацыя ўключае 300 чалавек. Гэта студэнты 27-мі ВНУ, моладзь прамысловых прадпрыемстваў, маладыя журналісты і спартсмены.

На парадзе краін-удзельніц беларускую дэлегацыю можна будзе ўбачыць здалёк, а ўсе таму, што ўсе ўдзельнікі будуць апранутыя ў адзіную парадную форму, якая чымсьці нагадвае алімпійскую.

Нашай здымачнай групе першай паказалі ўзоры формы. Над фестывальнымі вобразамі працавалі лепшыя беларускія дызайнеры. Ва ўдзельнікаў будуць два камплекты - спартыўны і парадны.

Да ўдзелу ў дыскусійнай пляцоўцы рыхтуецца і маладая каманда Беларускай чыгункі.

Белтэлерадыёкампанія таксама бярэ ўдзел у падрыхтоўцы да фестывалю. Агенцтва тэленавін зараз працуе над сцэнарыем промароліка аб беларускай дэлегацыі і краіне ў цэлым.

Цырымонія адкрыцця моладзевага фестывалю пройдзе ў Алімпійскім парку Сочы. Да старту форуму засталося роўна 16 дзён.