Беларусам найбліжэйшымі днямі прыйдзецца ратавацца ад спякоты

11 июня 2019

У краіне зноў аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Заўтра  на большай частцы тэрыторыі да 30 градусаў вышэй за нуль. У многіх раёнах уведзена забарона на наведванне лясоў. Як правесці гэтыя дні  без шкоды для здароўя і навакольнага асяроддзя, раскажа Аляксандра Кавеліч. 

Ля сталічных акваторый ажыўлена з самай  раніцы. Гэта, напрыклад, пляжы Цнянскага вадасховішча. Новыя шэзлонгі і белы пясок амаль як на марскім узбярэжжы - да летняга сезона рэлакс-зоны абнавілі. 

Шматлюдна зараз і ля гарадскіх фантанаў. Прычым, не толькі дэкаратыўных. Вось такія крыніцы, як гэтая, асвяжаюць удвая. Тут  можна не проста астудзіцца, нават папоўніць запас воды. Асабліва дарэчы падчас такога гарачага надвор'я. 

Выконваць пітны рэжым гарачымі днямі важна і аўтамабілістам. На дарогах узмоцнены кантроль. Інспектары раздаюць пітную ваду, а заадно і нагадваюць, як спраўляцца са спякотай за рулём.

Любоў Трапашка, старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Маскоўскага РУУС Г. Мінска:  "Перад выездам праветрыць салон аўтамабіля, праверыць яго  тэхнічны  стан, асабліва сістэму ахаладжэння, узяць з сабой дастатковую колькасць вады". 

Па-свойму спёку сустракаюць і насельнікі заапарка. У  летнім меню  больш свежай агародніны і нават смузі. У раскладзе і водныя працэдуры, напрыклад, у мядзведзіцы Нюры  асвяжальныя ванны. 

Ад спякоты ратуюць і расліны. Камунальныя службы кругласутачна паліваюць кветнікі, кусты  і дрэвы.

А вось у лясах  недахоп вільгаці  прывёў да пажаранебяспечнай сітуацыі. Ужо ў 27 раёнах краіны ўведзена забарона на наведванне. Гэтая лічба можа павялічыцца, бо спякота не адступіць мінімум да канца тыдня.