Аграрыям засталося абмалаціць крыху больш за траціну збожжавых палёў

6 августа 2019

Дапамагаюць студэнты і на ўборачнай. Беларускі каравай працягвае расці. Сёння гэта амаль 5 мільёнаў тон збожжа. У лідарах па намалоце  ўмацоўваецца сталічны рэгіён - мільён 187 тысяч тон. Брэсцкая вобласць амаль завяршыла абмалот, засталося менш за 10 % плошчаў,  адстаюць толькі паўночныя раёны. Каб хутчэй завяршыць уборку,  туды зараз перакідваюць тэхніку з гаспадарак, дзе ўжо справіліся са жнівом.

На гэта поле механізатар Аляксандр Клімовіч дабіраўся паўдня. Ехаў з суседняга раёна  з хуткасцю 20 кіламетраў за гадзіну на сваім камбайне. У роднай гаспадарцы ўборку ўжо завяршылі, зараз  чарга дапамагчы суседзям. Для механізатара  гэта дадатковы заробак. Праўда, на чужым полі праца спорыцца не так хутка. 

Працэс уборкі ўскладняюць асаблівасці тарфяной глебы. Пасля дажджу зямля становіцца рыхлай. Гэты камбайн трывала засеў двума коламі, выцягваць яго будуць з дапамогай вялікага трактара.

Некалькі хвілін  і машына гатовая да працы. Марудзіць нельга, бо абмалаціць трэба  яшчэ пятую частку плошчаў. Гаспадарка "Сінкевіцкі"  вялікая,  2600 гектараў. Збожжа на палях чакаць не будзе, таму любой дапамозе тут рады. Каб завяршыць жніво без страт, на дапамогу з суседняга Столінскага раёна прыехалі адразу пяць экіпажаў. 

Віктар Дзеніскавец, дырэктар ДП "Сінкевіцкі": "У сярэднім за дзень з дапамогай камбайнаў, якія прыйшлі, убіраем 150-170 гектараў. Я думаю, калі не будзе дажджу, то тры, максімум чатыры дні да канца ўборкі".

Набліжаецца да завяршэння і ўборка хлеба ў Капыльскім раёне.  Збожжавы каравай на паўднёвым захадзе Мінскай вобласці важыць ужо 100 тысяч тон. У гаспадарцы "Піянер-Агра" пшаніцу з палёў убіраюць пры вільготнасці 12,5 %. Гэта эканоміць рэсурсы пры дадатковай сушцы збожжа. Ураджайнасць сёлета вышэйшая - з гектара ўбіраюць 45 цэнтнераў. Вынікам задаволеныя. А вось аграрную карту ў раёне перагледзелі: зменшылі сяўбу ярыны. Азімыя даюць большую рэнтабельнасць. 

Віталь Ракевіч, першы намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама: "Сярод ярыны прыярытэт пшаніца займае, затым азімая трыцікале, ячмень яравы, але мы скарачаем сяўбу ярыны. Мы пасеялі на 2000 больш азімых. Азімы клін склаў да ўборкі 24 тысячы і 8 тысяч  гэта яравы ячмень, авёс".

Усяго аграрыям краіны засталося абмалаціць крыху больш за  траціну збожжавых палёў. Да абласцей-мільённікаў - Брэсцкай і Мінскай - вось-вось далучыцца і Гродзенскі рэгіён. Для агульнага каравая каштоўны асабісты ўнёсак кожнага.