75 гадоў таму нарадзілася народная артыстка Святлана Данілюк

25 сентября 2014

Яна першая з беларусак, хто стажыраваўся ў італьянскіх майстроў Ла Скала; у эпоху жалезнай заслоны з поспехам гастралявала па Еўропе, а ў часы савецкіх мастацкіх саветаў запісала тры дыскі-гіганты на фірме Мелодыя. Народнай артыстцы СССР і Беларусі Святлане Данілюк сёння споўнілася б 75. Ураджэнка Украіны, яна здолела стаць сімвалам беларускай нацыянальнай культуры, праславіўшы яе за мяжой і стаўшы ўзорам для пераймання наступным пакаленням спявачак. Наталля Бардзілоўская пра лёс опернай прымы.


Навучэнка Кіеўскага кінатэхнікума, яна рыхтавалася стаць спецыялістам па кінаабсталяванні і яго эксплуатацыі. Але салістку студэнцкай самадзейнасці выпадкова на канцэрце пачула прафесар кансерваторыі і запрасіла на праслухоўванне. Так, не ведаючы нот, 18-гадовая будучая прыма сусветнай опернай сцэны прайшла ўсе выпрабаванні акадэмічнага журы.


Пасля кіеўскай кансерваторыі - дэбют у Пермскім оперным. Але трыццацігадовую Святлану Данілюк усё ж перавабліваюць у Мінск. Выдатны голас - каларатурнае меца-сапрана з поўнымі трыма актавамі. Прасцей кажучы, маючы нізкі грудны, магла з лёгкасцю высока звінець. Плюс віртуозная дробная тэхніка. Спявачцы ўдалося застацца адзінай у гісторыі беларускага тэатра меца-выканаўцай галоўнай жаночай партыі Севільскага цырульніка Расіні.


Дзевятнаццаць партый на сцэне Беларускага опернага. Мінск запомніў Данілюк як адну з самых яркіх Амнерыс і Кармэн. А сама спявачка сваім каньком лічыла партыі Любашы з Царскай нявесты і Марыны Мнішак з Барыса Гадунова. Нацыянальная гераіня ў операх Семянякі, Смольскага, Цікоцкага. Яна вельмі любіла раманс і з канцэртнымі праграмамі аб'ехала ледзь не паўсвету.


Вялікі талент, але няпросты характар - у 80-я гады лёсы Святланы Данілюк і Опернага тэатра Беларусі разышліся. Апошнія гады Святлана Піліпаўна працавала ў Белдзяржфілармоніі. Выкладала, адкрыла талент Марыі Гулегінай. Пайшла з жыцця ва ўзросце 63-х гадоў.