5 гадоў пазбаўлення волі

3 апреля 2018

Такі максімальна магчымы тэрмін запрасіў дзяржабвінаваўца для вадзіцеля грузавіка, які наехаў на людзей ля гандлёвага цэнтра "Замак".

Разгляд па крымінальнай справе пачаўся сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Вядома, што абвінавачаны мае правы катэгорыі В, С, Е. Агульны вадзіцельскі стаж на момант ДТЗ - 38 гадоў. Пацярпелыя заявілі іск аб кампенсацыі маральнага ўрону да ўладальніка. У якасці грамадзянскага адказчыка прыцягнуты сын вадзіцеля, які працуе індывідуальным прадпрымальнікам. Абвінавачаны раней не быў судзімы.

Аляксей Жуган, начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз Беларусі: "Падчас правядзення экспертызы былі выяўлены тэхнічныя няспраўнасці тармазнай сістэмы аўтамабіля, якія можна было выправіць да выезду і непасрэдна падчас руху транспартнага сродку. Усе няспраўнасці дазвалялі канстатаваць факт, што тармазная сістэма была няспраўная задоўга да гэтых падзей”.

Нагадаем, аварыя адбылася ў Мінску летась у снежні на пешаходным пераходзе ля гандлёвага цэнтра "Замак". У групу людзей, якія перасякалі дарогу на зялёны сігнал святлафора, урэзаўся грузавік. Загінула 11-гадовая дзяўчынка, траўмы атрымалі яе бабуля, брат, а таксама яшчэ двое прахожых.