У сталіцы ад грыпу прышчапіліся больш за 400 тысяч чалавек

4 Лістапада 2013
Грып у сталіцу, па прагнозах эпідэміёлагаў, прыйдзе ў студзені-лютым. У гараджан застаецца ўсё менш часу, каб засцерагчы сябе ад хваробы - рабіць прышчэпку трэба прыкладна за месяц да надыходу эпідэміі. Дарэчы, сёлета ў сталіцы прышчапіліся больш за 400 тысяч чалавек на платнай і бясплатнай аснове. Пры гэтым медыкі заклікаюць гараджан не абмяжоўвацца толькі гэтай працэдурай.

Якія аздараўленчыя працэдуры выпісваюць пацыентам для імунітэту, ведае Наталля Кезік.

Марыя Пятроўна, як сама жартуе, сумаваць урачам не дае - пастаянны пацыент у паліклініцы. Узрост, на жаль, ужо не дазваляе забыцца на сваё здароўе. У раскладзе сёння прышчэпка супраць грыпу. На заўтра ў планах зазірнуць у трэнажорную залу.

Рабіць прышчэпкі сваім пацыентам у 19-й паліклініцы пачалі месяц таму. Спачатку ўрачы паспыталі вакцыну на сабе, а затым ужо рэкамендавалі хворым. І ў гэтым ёсць асабістая зацікаўленасць - чым менш хворых, тым менш працы.

Сёлета толькі ў гэтай паліклініцы бальнічных лістоў падчас эпідэміі будзе на 5 тысяч менш. Ва ўсім горадзе - больш чым на 400 тысяч. Менавіта столькі мінчан ужо зрабілі прышчэпку супраць грыпу.

Але ўрачы ўпэўненыя, што адной прышчэпкі супраць грыпу недастаткова. Варта весці здаровы лад жыцця. Акрамя працэдурнага кабінета, урачы накіроўваюць сваіх пацыентаў у фізіятэрапеўтычнае аддзяленне. Там штодня абслугоўваецца прыкладна сто чалавек.

Пры гэтым спецыялісты ў 19-й паліклініцы чаргуюць наведванне кабінетаў хворымі і здаровымі пацыентамі. Падтрымаць імунітэт тут можна ў басейне, жамчужных ваннах, з дапамогай цеплавых працэдур і гразелячэння. І абавязкова кабінет ЛФК з трэнажорамі.

Яшчэ медыкі раяць падтрымліваць свой арганізм вітамінамі. Зараз самы час для спажывання вітаміну С. Пры гэтым зрабіць прышчэпку таксама пакуль не позна - галоўнае паспець прыкладна за месяц да пачатку эпідэміі. За гэты час арганізм выпрацуе імунітэт супраць віруса грыпу.