У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры прэм'ера

29 марта 2014

Сапраўдная класіка аперэтачнага жанру - Цыганскі барон Іагана Штрауса.


На генеральным прагоне спектакля пабывала Ларыса Гулякевіч. Аперэта Цыганскі барон была напісана аўстрыйскім кампазітарам Іаганам Штраусам амаль 130 гадоў таму і мела сусветны поспех, была другой па папулярнасці пасля Лятучай мышы. Іаган Штраус марыў напісаць аперэту на нацыянальную венгерскую тэматыку з блізкай яму па духу багатай мадзьярскай народнай музыкай.


Дзеянне адбываецца на мяжы Венгрыі і Румыніі напрыканцы XVIII стагоддзя. У аснове Цыганскага барона - стыхія песеннасці, рытмы вальса, полькі, марша, чардаша. Рамантыка, любоў пад цыганскія і венгерскія мелодыі і характэрныя для іх рытмы.


У сучаснай пастаноўцы Музычнага тэатра яркія стылізаваныя нацыянальныя румынска-венгерскія касцюмы, дэкарацыі з усімі атрыбутамі і каларытам цыганскага жыцця. Рэжысёр Ганна Маторная нават ездзіла па кансультацыю ў цыганскі табар.


Штраусаўскі Цыганскі барон - гэта хутчэй камічная опера, чым аперэта. Сюжэт лёгкі і вясёлы, а музыка і вакальныя партыі годныя самага высокага жанру.


У пастаноўцы занята амаль 60 артыстаў: балетная група, хор і маладыя салісты Музычнага тэатра. У класічным вадэвілі ёсць і канкан, і праекцыя відэафільма, і шмат іншых пастановачных сюрпрызаў.