Святочная мітусня зараз пануе ва ўсіх магазінах сталіцы

30 декабря 2013

Выбар навагодніх падарункаў прывёў усіх у магазіны. Вядома, што прэзент павінен адпавядаць густам, інтарэсам і прыхільнасцям таго, каму ён прызначаны. А ўдалы падарунак - верная гарантыя таго, што вашы блізкія будуць шчаслівымі і задаволенымі ўвесь будучы год.

Надзея Сербіненка паспрабавала разабрацца, якія падарункі зараз у трэндзе.


Што падарыць блізкім на Новы год і Раство? Такое пытанне гэтымі днямі турбуе многіх. У ювелірным магазіне напярэдадні свят асабліва шмат пакупнікоў. Бо, вядома, менавіта каштоўныя вырабы дакладна парадуюць вашых блізкіх.


Ганна Віткоўская, загадчыца ювелірнага магазіна: Прапанаваны вельмі шырокі асартымент вырабаў у шырокім дыяпазоне цэн - ад керамічных сувеніраў да набораў сталовага серабра з гербам нашай краіны.


І сапраўды, у ювелірную краму сёння завітаць можа кожны. І для кожнага пакупніка тут знойдуць той самы доўгачаканы падарунак. Ювелірныя вырабы заўсёды былі і застаюцца паказчыкам статуса. Дарэчы, кожны пакупнік можа падабраць сабе выраб па гусце. Усё залежыць толькі ад вашай фантазіі і заробку.


Яшчэ адно месца, дзе заўсёды ёсць што-небудзь эксклюзіўнае - магазін з аўтэнтычнымі беларускімі вырабамі прыкладнога мастацтва. Цацкі з лёну, саломкі, керамікі, пасцельная бялізна з вышыўкай і ажурнае адзенне ручной работы. Асабліва для гасцей нашай краіны такі падарунак - найлепшы.


Напярэдадні галоўнага спартыўнага спаборніцтва - чэмпіянату свету па хакеі - ва ўсіх магазінах павялічаць колькасць сувеніраў і вырабаў з беларускім каларытам. Галоўны матыў - надыходзячы год Каня.


А ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі спасцігаюць азы прыкладнога мастацтва. Пяцікласніца Юля лічыць, што падарункі, асабліва для самых блізкіх, павінны быць зроблены сваімі рукамі. Для дзяўчынкі гэта не складана, бо мастацтва - яе захапленне з дзяцінства.


Марыя таксама падтрымлівае думку Юліі, і кожны год дорыць сваім сябрам штосьці асаблівае. Напрыклад, карціну са шкла.


Зразумела, што любы падарунак, якім бы ён ні быў, праяўленне асабістых адносін і ўвагі. І кожны можа выбраць тое, на што хопіць фантазіі, часу і сродкаў. Але падарунак, у які ўкладзена душа, заўсёды будзе асабліва каштоўным.