У Гомелі ажылі самыя вядомыя гарадскія скульптуры

27 сентября 2016

Імі захапляюцца і нават дакранаюцца на шчасце. Але ніхто і ніколі не чакае ад помнікаў такой рэакцыі ў адказ. У Гомелі ажылі самыя вядомыя гарадскія скульптуры. Больш падрабязна - Вольга Халадовіч.

Міма гэтай пары - рабочага і сялянкі - людзі звычайна праходзяць хутка. А вось калі фігуры ажываюць, некаторыя нават забываюцца на тое, што кудысьці спяшаюцца. Пасля першага шоку абавязкова селфі. Акцёры народнай студыі-тэатра "Класік" заўсёды гатовыя пазіраваць. Але іх асноўная роля - перадаць характар сімвалаў цэлай эпохі.

Для вопраткі - балоны з фарбай розных адценняў, для скуры - спецыяльны крэм. Толькі пасля гэтага наносіцца шматслойны грым, які высыхае прама на целе.

Гуаш, гель для валасоў, шампунь, жэлацін. Гэты спецыфічны грым атрымалі шляхам эксперыментаў. Для таго каб зрабіць аднаго акцёра бронзавым, спатрэбяцца прыкладна тры гадзіны.

А вось каб грым змыць, трэба ўсяго некалькі хвілін і гарачы душ. А каб акцёрам заставацца ў вобразе, грымёру прыходзіцца пастаянна знаходзіцца побач з імі. Жывымі скульптурамі не толькі захапляюцца на адлегласці, многія імкнуцца дакрануцца да іх на шчасце.

Рабочы і сялянка, студэнтка, прыбіральшчыца, княгіня Паскевіч - у арсенале "Класіка" ўжо 12 жывых скульптур. Праўда, пакуль толькі ў бронзе. Зараз у тэатры працуюць над новымі вобразамі, якія ажывуць у гіпсе.