Кожную суботу ў рукі падпісчыкаў трапляе газета Мінскага раёна Прысталічча

19 апреля 2014

Гісторыя выдання налічвае амаль 80 год - у 2015-м Прысталічча будзе адзначаць юбілей. Аднак да святкавання такой даты рыхтуюцца ўжо зараз. Як змянялася газета і якія сюрпрызы чытачам рыхтуе рэдакцыя, ведае Наталля Тарасюк.



У кабінеце галоўнага рэдактара Наталіі Мальцавай калектыў збіраецца на планёрку, каб размеркаваць тэмы і скласці прыкладную структуру чарговага нумара. Кожны карэспандэнт атрымлівае сваё заданне. Але стаць героем інтэрв'ю ці проста паведаміць пра нешта цікавае чытачы могуць па гарачай лініі.



Наталля Мальцава, галоўны рэдактар газеты Прысталічча: Гэтая служба кругласутачная. Нумар 166, па якім кожны жыхар Мінскага раёна можа адправіць свае віншаванні блізкім і родным альбо размясціць сваю рэкламную інфармацыю.



Не так даўно газета Прысталічча зноў стала поўнакаляровай. Памяняліся шрыфты і элементы ў афармленні, якія дапамагаюць чытачу лягчэй арыентавацца на газетных палосах. З'явілася амаль дзесяць новых рубрык. На чарзе - спецыяльны артыкул для дзелавых людзей і бізнесменаў.



Святлана Папок, карэспандэнт, вядучая рубрыкі: Будуць інтэрв'ю з людзьмі, якія пачалі сваю справу. Мне здаецца, што не кожны асмеліцца адкрываць сваю справу, таму што ёсць пэўныя страхі. Мы будзем размаўляць з людзьмі, якія зрабілі свае крокі ў бізнесе, якія могуць нешта сказаць, засцерагчы ад памылак.



Задаць сваё пытанне чытачы ў хуткім часе змогуць вядучым эканамістам і юрыстам. Але ўжо цяпер у падпісчыкаў ёсць унікальная магчымасць на старонках Прысталічча звярнуцца з асабістымі праблемамі да псіхолага.



Людміла Тарасюк, псіхолаг, вядучая рубрыкі Псіхалагічная гасцёўня: У нашу газету прыходзіць вельмі шмат лістоў. Чытачы просяць дапамагчы разабрацца з праблемамі адносінаў у сям'і, на працы, с выхаваннем дзяцей, з асабістымі праблемамі - такімі, як нізкая самаацэнка, няўпэўненасць у сабе. У асноўным звяртаюцца жанчыны, але апошнім часам стала шмат лістоў прыходзіць і ад мужчын. Гэта радуе, значыць, нашу газету чытаюць і нам давяраюць.




Амаль праз месяц на базе рэдакцыі пачне дзейнічаць клуб юных журналістаў. Падзяліцца сваім поглядам на розныя падзеі змогуць школьнікі і студэнты. Іх цікавасць да Прысталічча тлумачыцца і прысутнасцю выдання ў віртуальнай прасторы.



Станіслаў Ажгірэй, адказны за сайт газеты Прысталічча: Наведвальнасць нашага сайта даволі вялікая. За дзень яго наведваюць да 300 чалавек. За месяц выходзіць больш чым 4 тысячы наведвальнікаў.



Наперадзе ў выдання ўдзел у нацыянальным конкурсе Залатая Літара. Рэдакцыя газеты асаблівую ўвагу надае і падрыхтоўцы да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Шлях даўжынёй амаль 80 гадоў. Першы нумар газеты выйшаў у свет у 1935-м. Рэдакцыя працавала і падчас Вялікай Айчыннай, але асабліва цяжка было пасля вайны. Рэдакцыйнай спадчынай была партызанская радыёстанцыя і друкарская машынка. Уручную набіралі тэкст, уручную друкавалі. Але нягледзячы на ўсе няпростыя акалічнасці, газета выходзіла рэгулярна.