Камчацкі краб будзе прадказваць вынікі чэмпіянату свету па хакеі

19 ноября 2013
Вынікі лядовых баталій на чэмпіянаце свету па хакеі - 2014 будзе прадказваць краб па мянушцы Пятровіч. Ракападобнага гіганта спецыяльна прывезлі ў сталіцу з акваторыі Баранцава мора. Зараз ён абжывае новую кватэру ў Мінскім цэнтры акіянаграфіі Адкрыты акіян. Як менавіта краб будзе вызначаць перамогу хакейных дружын і што чакае Пятровіча пасля сусветнага першынства?

Наш карэспандэнт Аляксандр Харавец, дарэчы, таксама Пятровіч, адзін з першых сустрэўся з аракулам.

Да сталіцы Пятровіч дабіраўся каля 2 тыдняў і змяніў некалькі відаў транспарту. Спачатку караблём ад берагоў Нарвегіі да Мурманска, затым пералёт да Масквы, пасля чаго спецыяльнай машынай аракул прыехаў у Мінск. Зараз краб абжывае новую кватэру і прывыкае да аб'ектываў фота- і відэакамер.

Дарэчы, тэмпература ў акварыуме не перавышае 2 градусаў. Бліжэй да турніру акварыум змесцяць у Снежным зале, які ствараецца спецыяльна да чэмпіянату. Настрой і апетыт у новага аракула выдатныя.

Камчацкі краб з'яўляецца самым буйным у свеце. Жыве ў паўночных раёнах далёкаўсходніх мораў. Размах клюшняў дарослых прадстаўнікоў гэтага віду можа даходзіць да 2 метраў, вага - да 7 кілаграмаў. Пятровіч яшчэ малады краб. Яго вага 3,5 кілаграма, а размах клюшняў каля метра. Дарэчы, імя беларускаму аракулу выдумвалі ўсім калектывам цэнтра акіянаграфіі.

Пятровіч - не першая жывёла-прадказальнік. Так, да яго быў знакаміты васьміног Пауль, які ў 2010 годзе на чэмпіянаце свету па футболе ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы беспамылкова прадказаў вынік усіх матчаў нямецкай зборнай. Карова, свіння, тхор, хамяк, лама, бульдог і яшчэ дзясяткі менш вядомых жывёлін выступалі ў якасці аракулаў на спартыўных спаборніцтвах сусветнага маштабу. Камчацкі краб такую ролю прымярае на сябе ўпершыню.

Як менавіта краб будзе прадказваць вынікі хакейных матчаў, арганізатары турніру пакуль не распавядаюць. Інтрыга раскрыецца толькі перад пачаткам першага паядынку. А вось пасля сусветнага першынства Пятровіч застанецца ў сталічным цэнтры акіянаграфіі і будзе цешыць наведвальнікаў.