Зборная Беларусі сёння згуляе супраць каманды ЗША на чэмпіянаце свету па хакеі

7 мая 2015

Зборная Дэйва Льюіса супраць каманды ЗША. На чэмпіянаце свету па хакеі сёння адказны матч. Пачатак у 17:15. Прамую трансляцыю будзе весці тэлеканал "Беларусь 1". Беларусы набралі 7 ачкоў у групе. Для таго, каб выйсці ў плэй-оф, гэтага нямала, трэба спрабаваць адбіраць ачкі ў кагосьці з фаварытаў. Перадматчавыя расклады і апошнія навіны з Чэхіі ў Андрэя Іванова.

Каб зразумець, што ёсць зборная ЗША для беларусаў, трэба ўспомніць гісторыю хакейных узаемаадносін. Дык вось паўночнаамерыканцаў нам ніколі не ўдавалася перамагчы. Былі перамогі над фінамі, шведамі і нават канадцамі ў таварыскім матчы ў 2006-м у Палацы спорту, а вось са Злучанымі Штатамі неяк не складваецца. Адразу ўспамінаецца матч гадавой даўнасці ў Мінску.

Беларусы прайгралі 1:6, хаця, здавалася, перадумоў для разгрому не было. Бываюць у спорце нязручныя сапернікі, і гэта як раз той выпадак.

Напярэдадні мы сустрэлі ў Остраве вядомага хакейнага агента Гары Грынгсціна, ён прадстаўляе інтарэсы Грабоўскага, Кулёміна, Дацюка, і вось што ён думае наконт гульні нашай каманды і найбліжэйшых сапернікаў.

Зараз пра справы ўнутрыкамандныя. Пасля пераможнага матча з Даніяй некаторыя маладыя гульцы адмовіліся даваць інтэрв'ю, нягледзячы на тое, што закінулі. Гаўрус, Шынкевіч, Усенка - хакеісты праходзілі міма камер, не рэагуючы на просьбы пракаменціраваць матч, аргументуючы гэта сцісла: каб удачу не спудзіць. Размаўляючы з галоўным трэнерам Дэйвам Льюісам, мы пацікавіліся, ці забабонныя людзі ў Штатах?

Галоўнае пытанне - ці дасць трэнер адпачынак Кевіну Лаланду? Льюіс гаварыў, што ўсё будзе залежаць ад таго, што скажа сам Кевін.

Дарэчы, не ва ўсіх напярэдадні быў выхадны. Алег Явенка, напрыклад, здаваў у сваім універсітэце экзамен. Ён вучыцца ў Амерыцы і некаторыя прадметы здае дыстанцыйна. Менеджарам зборнай даслалі на электронную пошту тэсты, і яны ж павінны былі кантраляваць, каб хакеіст-студэнт не спісваў. Але, як мне здаецца, сёння ў Явенкі экзамен куды больш складаны.