Абразы ў стылі мадэрн

11 марта 2015

Абразы ў стылі мадэрн. У сталічнай галерэі экспануецца міжнародная выстава сучасных выяў святых. Больш за 40 работ створана мастакамі з розных краін. 

На выставе рэлігійнага авангарду пабывала Юлія Лосікава.

Да пачатку 20 стагоддзя ў строгім посце і малітве іконы пісалі выключна святары. Сучасныя мастакі, вучні іканапісных школ фрэскі і іконы пішуць самастойна. Аўтэнтычных тэхналогій і канонаў прытрымліваюцца, аднак евангельскія тэмы падаюць у новых рашэннях.

Дрэва розных парод, рознага колеру і цвёрдасці - для іканапісцаў гэты прыродны матэрыял замяняе звыклае палатно. Сорт падбіраецца ў залежнасці ад будучай выявы святога.

Віктар Доўнар, іканапісец: "Па-першае, гэта дошка, на якой пішацца абраз, потым гэта ляўкас. Не ўсе выкарыстоўваюць ляўкас. Хтосьці выкарыстоўвае дошку інакш. Яны там рэжуць, выразаюць паглыбленні і іншае. Некаторыя па-рознаму. Хтосьці піша фрэскі, свае формы прапаноўвае".

Штогадовыя восеньскія пленэры ў польскім горадзе Навіца збіраюць дзясяткі іканапісцаў. І пачаткоўцы, і прызнаныя майстры павінны напісаць як мінімум адзін абраз у рэкордна кароткі час - менш як за два тыдні. У Мінску ўдзельнікі апошняга пленэру прадэманстравалі выключна святочныя іконы. Мастакі ўяўляюць розныя канфесіі, тут можна ўбачыць праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія сюжэты. Нетрадыцыйныя форма і канструкцыя саміх абразоў.


Матэуш Сора, куратар выставы, Польшча: "Украінскія, беларускія або польскія абразы не адрозніваюцца адзін ад аднаго. Можна толькі сказаць, што мастакі з розных краін пішуць свае работы ў розных мастацкіх кірунках, у сваіх традыцыях".

Віктар Доўнар, іканапісец: "Адна канфесія дазваляе больш свабодна паглядзець на абраз, другая - больш кансерватыўна".

Сучасныя абразы - прадмет вывучэння і калекцыянавання. Пасля міжнародных выстаў і прэзентацый частка калекцыі адправіцца ў польскі музей, астатнія прымуць у дарунак гатовыя да такога роду наватарства касцёлы і цэрквы.