Калі вам крыху больш за 90…

15 августа 2014

У Мінску амаль 4 тысячы доўгажыхароў. Самай старэйшай мінчанцы споўнілася 110 гадоў. Яна жыве ў Фрунзенскім раёне сталіцы. А вось у Цэнтральным свой 90-ы дзень нараджэння адзначылі амаль 430 пажылых людзей.


Марына Мураўёва завітала да аднаго з юбіляраў.


У свае 90 Фёдар Ропат танцуе з унучкай павольна. Асколачныя раненні, атрыманыя падчас Вялікай Айчыннай, не даюць пра сябе забыць. Добра, што асабісты ўрач заўсёды побач. Унучка Святлана пільна сочыць за здароўем дзядулі.


Юбілей Фёдара Дзмітрыевіча сабраў усіх сваякоў. Павіншаваць імянінніка з 90-годдзем прыехалі дзеці, унукі і праўнукі. Сярод іх і самы маленькі - чатырохгадовы Мікітка.


За 90 гадоў былы франтавік, ветэран працы паспеў многае: выхаваў двух сыноў, пабудаваў дом і пасадзіў сад. А ўсе ўспаміны аб вайне занатаваў у брашуры Фрагменты жыцця.


Вялікая Айчынная напаткала Фёдара Ропата 16-гадовым падлеткам. Партызаніў, ледзь пазбег нямецкага палону. А ў 20 гадоў, у дзень свайго нараджэння, каля ракі Вісла быў паранены ажно 18 асколкамі. Пасля шпіталя дэмабілізаваўся і вярнуўся ў родную вёску Малыя Зімовішчы, на жаль, ужо спаленую фашыстамі.


Шчырае каханне выратавала і натхніла на пераадоленне ўсіх цяжкасцей. З жонкай Надзеяй Аляксандраўнай разам пражылі амаль 55 гадоў. Сёння Фёдар Дзмітрыевіч жыве добрымі ўспамінамі і … спадзяваннямі, што дзеці і ўнукі працягнуць традыцыі сямейнага доўгажыхарства.